З дазволу караля і вялікага князя. Леў Казлоў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу З дазволу караля і вялікага князя - Леў Казлоў страница 8

СКАЧАТЬ выніку канцлерам стаў Хваенскі.

      I другі раз Гамрату не пашанцавала стаць вялікім канцлерам. Хаця, агітуючы за сваю кандыдатуру, ён заявіў, што ведае абсалютна пра ўсё, што дзеецца на белым свеце і ў каралеўскім двары, абралі іншага – больш здольнага Самуэля Мацяёўскага. Станчык, канешне, не мог прайсці міма такога здарэння:

      – Відаць, няма найбольшых падманшчыкаў у нашай дзяржаве, апрача гэтых двух.

      – Чаму так? – здзівіўся кароль.

      – Таму, што Гамрат прыкідваецца, быццам ведае ўсё, а на самой справе не ведае нічога. I Мацяёўскі, які ўсё знае, прыкідваецца, што нічога не знае.

      Блазан старога караля, назіраючы, як таму падчас хваробы ставілі п’яўкі, заўважыў: «Вось гэта сапраўдныя прыдворныя і прыяцелі яго вялікасці».

      Ну што ж, лёгка смяяцца з гатовага, трох грошаў не прыклаўшы. Таму звернем увагу на асобу, якая грошы тыя прыкладала, – на каралеву Бону. Бо яна пісала правілы паводзін як для свайго каранаванага мужа, так і для каранаванага сына. Такім чынам, жыццё апошніх Ягайлавічаў прайшло паводле яе сцэнарыя.

      Не падумайце, што гэта неяк адмоўна адбілася на нашай гісторыі. Зусім наадварот. Дзякуй Богу, наша італьянка прыспешыла Рэнесанс і як магла штурхала сваіх падданых да дасягненняў тагачаснай цывілізацыі. Узяць, напрыклад, агарод. Так, той самы апрацаваны з вялікай любоўю кавалак зямлі, дзе шмат што расце для патрэбы і асалоды нашых страўнікаў. Дзякуючы каралеве з еўрапейскага поўдня прыйшлі новыя раслінныя культуры. Ды што там! Само ўжыванне ежы ператварылася ў эстэтычны працэс, і тут важную ролю адыграў відэлец, элегантна прадэманстраваны Бонай.

      Жыгімонт Стары нічога не шкадаваў для любай жонкі, асабліва калі яна падарыла яму наследніка. Таму не дзіва, што каралева паступова запісала на сваё імя вялікія ўладанні. Паколькі яна з дзяцінства ведала пра сэнс банкаўскіх аперацый і падтрымлівала знаёмства з фінансістамі, то ў хуткім часе нерухомая маёмасць ператварылася ў рухомую. З гэтай рухомасцю, што потым будуць называць «неапалітанскімі сумамі», аўдавеўшы і пасварыўшыся з сынам (аб прычынах крыху ніжэй), Бона Сфорца з’ехала на радзіму. Але яшчэ доўга будуць памятаць «Боначку, што сцягнула золата бочачку».

      Сярод розных спосабаў здабываць «неапалітанскія сумы» ў каралевы Боны быў і такі, як продаж службовых пасад – і свецкіх, і духоўных. Калі стала вядома, што каралева-ўдава збіраецца туды, адкуль прыехала, ды яшчэ разам з такімі каштоўнасцямі, сенат прапанаваў затрымаць яе. Для перагавораў з манархіняй паслалі біскупа Зэбжыдоўскага, аднаго з былых фаварытаў Боны, які таксама скарыстаў магчымасць і набыў сваё месца пад сонцам у яе вялікасці. Але зараз сітуацыя была зусім іншай, таму Зэбжыдоўскі пачаў даволі ультыматыўна. Тут старая каралева не вытрымала і гнеўна абарвала яго:

      – I гэта кажаш ты, які купіў з майго дазволу біскупскі сан!

      – Што зробіш, – уздыхнуў пасланец сената, – купіў, бо прадавалася…

СКАЧАТЬ