Название: Play.by
Автор: Адам Глобус
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная публицистика
isbn: 978-985-6808-92-7
isbn:
Маё пакаленне прыйшло ў свет, дзе халодныя руіны сабораў пазіралі на людзей чорнымі прагаламі павыбіваных вокнаў. Мы глядзелі на саборы, а саборы глядзелі на нас і не бачылі нас. Трэба было зайсці ў руіны і запаліць там свечку, ці хоць бы лямпачку павесіць. А пад той лямпачкай трэба было заспяваць. Мы заспявалі рок. Мы аднавілі саборы. Мы выйшлі на плошчы і стадыёны. Мы стварылі новыя дзяржавы, лепшыя за папярэднія. Мы пражылі жыццё са сваёй песняю.
У свет прыйшлі новыя пакаленні. Шмат найлепшых з маіх раўналеткаў адплыло ў вечную цішыню. Нашы дзеці ходзяць у адноўленыя саборы, а нашых унукаў ужо ніхто не спяшаецца хрысціць. І цяпер мне прапанавалі правесці рок-канцэрт у касцёле. Канцэрт прысвечаны памяці аднаго з найлепшых маіх паплечнікаў, паэта Анатоля Сыса. Гэта – рок.
Былі запрошаны найлепшыя з нашых рокераў: Лявон, Кася, Руся, Хаменка і Памідораў. Чаму так мала? Каб не хапіла! Песняў было не шмат. Зноў жа ж, каб не хапіла, каб усе востра адчулі, як не хапае нам паэзіі, шчырасці, праўды, песні, музыкі і свабоды.
Канцэрт праходзіў цяжка.
Складанасці пачаліся з-за журналістаў, якія прызвычаіліся зарабляць свае трыцацць рублёў, пішучы пра забароненыя ўладаю мерапрыемствы. «А ці не забароняць ваш рок-канцэрт?» – «А ці не прыйдуць міліцыянты ў касцёл?» – «А ці адпавядае паэзія вальнадумца Сыса касцёлу?» – «А ці прагучаць пад хрысціянскімі скляпеннямі ягоныя вершы накшталт такога: які ж тады Бог, калі служкі – звяры?» «А праўда, што вершы Сыса выкінулі са школьнай праграмы за тое, што ён уваходзіў у суполку “Тутэйшыя”?» Правакатараў з іх гнюснымі пытаннямі я пасылаў да чорта. Абрыдлі яны мне. Я іх пасылаў, а яны лезлі і лезлі. Яны вырасталі проста з-пад зямлі, і нават, калі я ўжо ішоў на сцэну, недарэчныя пытанні ўсё яшчэ ляцелі мне ў спіну.
Складанасці з недарэчнымі пытаннямі журналістаў зусім і не складанасці ў параўнанні з капрызамі і паводзінамі рокераў.
Кася не хацела спяваць першай. Я настойваў, бо толькі адзін радок мог задаць патрэбную танальнасць усяму рок-канцэрту, радок «Надта хочацца ў вырай, мая белая лебедзь!». Настаяў. Кася пагадзілася – з адной умоваю, што мы пачакаем, калі ўсе рассядуцца, бо для гэтага радка патрэбна поўная цішыня. Таму і канцэрт пачаўся са спазненнем.
Капрызы Русі ляжалі ў іншай плоскасці, ёй не падабалася, што вакол яе круцяцца жанатыя мужчыны. Заляцанні і нават простая ўвага жанатых мужчын яе раздражняла. Раздражнёная рок-спявачка – рэч небяспечная. З ёй трэба абыходзіцца тактоўна і асцярожна, а дзе ўзяць тактоўнасць, калі ўсе навокал узбуджаныя і нервовыя?
Лявон не зрабіў песню на словы Сыса. «Я спрабаваў, а ў мяне нічога не выйшла! І што, калі песні не будзе? Я ж прыйшоў, я буду спяваць… У нас жа не дзяржаўнае мерапрыемства з зацверджаным сцэнарам?..» Добра, што мы былі ў касцёле, дзе нельга лаяцца. Добра, што Кася згадала песню, якую некалі даўно яна спявала разам з Лявонам. Добра, што Лявон сеў у кутку і аднавіў тую песню. Майстра.
СКАЧАТЬ