Праклён. Валеры Гапееў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Праклён - Валеры Гапееў страница 23

СКАЧАТЬ і месцаў, зразумела, не было. Давялося ісці далей праспектам, які пачынаў жыць сваім вечаровым жыццём: менела машын, большала людзей на ходніках. У няспешнай плыні маладых, шчаслівых, закаханых было прыемна ісці, як плыць у добра вядомай рэчцы: ведаеш, якое дно, дзе вір, дзе вада можа абхапіць халоднымі мацукамі знізу, дзе плынь вынесе імкліва ўбок.

      Уладзімір добра адчуваў настрой (ён у тым быў пэўны, яму нібыта падказваў нехта збоку, што і як) асобных купак моладзі. Без памылак вызначаў, каму трэба саступіць пры сустрэчы, хто саступіць яму. Дзе кіруе агрэсіўная ўпэўненасць, якая толькі і чакае нагоды для выхаду сваёй энергіі, дзе паважлівая абыякавасць… Ён адчуваў усё так, быццам ад розных людзей дзьмуў розны ветрык: ці то лёгкі павеў з пакошанага лугу, ці то ўладная пераднавальнічная хваля, ці лёгкае калыханне паветра ў хваёвым бары.

      У кавярню, што мясцілася ў цокальным паверсе будынка і прыцягвала ўвагу сваёй някідкай, але выразнай рэкламай гарбаты і напояў з траў, Уладзімір раней не заходзіў. Спусціўся кароткімі сходамі і на імгненне прыпыніўся разгублены. Ён ніяк не мог даць рады сабе ў такіх выпадках – з’яўляўся на парозе незнаёмай кавярні і губляўся ад няведання таго, як сябе паводзіць: падыходзіць да стойкі бара (што ўся аблепленая наведнікамі) ці проста ісці і сядаць на вольнае месца, чакаць, калі да цябе падбяжыць кельнерка і возьме заказ. Хоць і ведаў, што такая работа ў кельнеркі – падыходзіць да цябе, пытацца, а потым прыносіць заказанае, ніяк не мог суладаць з пачуццём сваёй вінаватасці: сваім прыходам ён надае лішняга клопату якой мілай дзяўчыне, і пэўна ж яна думае пра яго: “Прыпёрся… Пытайся ласкава, усміхайся. Мог бы кавы і дома напіцца. Тут людзі віскі пляшкамі бяруць… Што я з тваёй філіжанкі кавы буду мець… Драбяза галотная…”

      Толькі адзін столік на два месцы заставаўся вольным, Уладзімір яшчэ патрываў імгненне, як пачуў, што ззаду расчыняюцца дзверы, і зразумеў: не зойме месца, дык давядзецца ціснуцца ў шчыльнае кола вакол стойкі бара.

      Пайшоў, прысеў.

      – Ці вольна ля вас?

      Голас быў трошкі нервовы. Уладзімір узняў вочы і пабачыў маладую кабету гадоў дваццаці пяці. Бялявыя густыя валасы да плячэй, твар з выразна акрэсленымі ротам, носам і вачыма. Прыемны твар, сімпатычны нават. Хударлявая. Яе кофтачка была вязаная з тонкіх зялёных нітак, праз карункі і кветкі прасвечвалася цела і белы станік. “А чаму не зялёны?” – нечакана падумаў Уладзімір, кіўнуў як мага прыязней:

      – Калі ласка, калі вы адна, то тады вольна.

      Жанчына адказала нейкай грымасай, і Уладзімір адчуў сябе дурнем: як можна было казаць пра нейкую яшчэ ўмову, калі месца каля яго – адно? Выпітая раней самагонка не тлуміла галавы, але прыспешвала думкі, надавала хуткасці словам, якія рабіліся вось такімі смелымі, зразумела ж, з якой прычыны. У наступны момант Уладзімір прапанаваў:

      – Вы не будзеце супраць, калі я пачастую вас? Я яшчэ нічога не заказваў…

      – Дзякуй, я завітала выпіць кавы, а на каву я знайду грошы, – не халодна, хутчэй нейтральна адказала жанчына.

СКАЧАТЬ