Название: Час чумы (зборнік)
Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-6701-43-0
isbn:
Апантанага немца Тэадорыха смерць знайшла ў той самы дзень, калі памёр Валодша. А ваявода Віславус жыў яшчэ доўга. На неўскіх берагах ён секся поруч з лоўчым князя Аляксандра палачанінам Якавам. На ягоных вачах паваліўся долу залатагаловы шацёр свейскага ярла Біргера.
Мінулася яшчэ два гады, і побач з ноўгарадцамі і пскавічамі полацкія ваяры насмерць стаялі каля Варонінага Каменя на Чудскім возеры. Пасля Лядовага пабоішча яны супольна гналі палонных тэўтонаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацк.
У той дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў, старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі любамудрага князя і прастадушна верылі, што князь бачыў перамогу з захмарных высяў і радуецца цяпер разам з імі.
Час чумы
Мы пад сякерай, дык хай жа пачуецца ў свеце Гусаўца голас…
Рым, 1521
I
– Гэта праўда, што вы нарадзіліся ў самым сэрцы варварства?
Жанчына хацела здавацца абыякавай, але ў трошкі прымружаных агатавых вачах пад негустымі цёмнымі бровамі свяцілася цікаўнасць.
Вясновы вецер варушыў празрыстыя запавесы, разпораз напаўняючы іх і робячы падобнымі да ветразяў. Са спічастага прачыненага вакна, што глядзела на кветнік, плыў водар размарыну. Удалечы жаўцелі тэрмы імператара Каракалы.
Мужчына маўчаў. Пытанне было не з тых, на якія можна адказаць адным ці двума словамі, і ён задумаўся.
Ён быў непаглядны, прынамсі, паводле канонаў гэтай краіны і свету, да якога належала жанчына. Невысокі і шырокі ў плячах, з выцягнутым тварам, адзінаю вартасцю якога знаўцы законаў прыгажосці назвалі б грубаватую правільнасць ліній, з доўгімі дужымі рукамі, ён быў падобны да просталюдзіна, але гэтаму ўражанню пярэчыла ўнутранае святло, што адбівалася ў шырока пасаджаных вачах, выдаючы чалавека не толькі разумнага, але і асвечанага. Пра гэта казала і адзенне: белая кужэльная кашуля і строгі глухі каптан з квадратным выразам, такі, што носяць бакалаўры або іншыя людзі, якіх кормяць вольныя мастацтвы. Незвычайныя ў італьянцаў звіслыя вусы, густыя валасы колеру жытняй саломы і нетутэйшы халаднаваты блакіт вачэй сведчылі, што чалавек гэты з далёкіх паўночных краёў. Мужчыну было блізу сарака, і ён пражыў на свеце ўдвая болей за сваю суразмоўніцу.
– Вы прымушаеце даму чакаць, – незадаволена сказала жанчына, папраўляючы залацістыя, з масянжовым адлівам валасы.
– Я не хацеў бы пакрыўдзіць вас сваім адказам. – Мужчына гаварыў па-італьянску, крыху расцягваючы словы. – Мне таксама даводзілася чытаць кнігі, якія сцвярджаюць, што ў маёй краіне зоркі свецяць удзень і ўначы, што золата ў нас нязмерна больш, чым жалеза, а людзі, не раўнуючы як цыклопы, маюць па адным воку пасярод СКАЧАТЬ