Час чумы (зборнік). Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Час чумы (зборнік) - Уладзімір Арлоў страница 16

СКАЧАТЬ нас, а на месцы сялібы мы ўбачылі пажарышча. Ускрай пушчы прайшлі татары… – Ён на хвілю замоўк. – Пушча была маёй першай школай. Я і цяпер часта чую яе музыку…

      Ён падышоў да крэсла, дзе толькі што сядзела жанчына, і паклаў на прыслон свае шырокія далоні.

      – У нашых лясах няма такога звера, на якога мне не давялося б паляваць. Але гэта могуць сказаць пра сябе многія. У нас кожны – паляўнічы…

      Мужчына непрытоена любаваўся доннай Франчэскай. З таго цьмянага і настылага зімовага дня, калі ён убачыў яе ля калоны ў саборы святога Паўла і яна здалася яму ўвасабленнем самой маладосці, ён упершыню быў з ёю з вока на вока…

      Ён лічыў за шчасце так блізка бачыць гэты пяшчотны авальны твар з бездакорнымі прапорцыямі, чысты і высокі ад прыроды лоб, над якім не трэба было, як рабілі рымскія красуні, на два пальцы галіць валасы, гэтае лёгкае золата, перахопленае ніткаю жомчугу, яе вялікія, крыху пукатыя вочы, яе круглявы падбародак з трыма пацеркамі маленькіх радзімак…

      У донне Франчэсцы ўсё здавалася яму суладным: пашытая з цяжкога ядвабу бэзавая сукенка з гранатавым узорам дзіўным чынам адпавядала яе імю, а буйны смарагд у авянечніку не толькі надаваў бляск вачам, але і падкрэсліваў чырвань вузкіх, аднак жывых і паўнакроўных вуснаў. Нават абцягнутыя саф’янам чаравікі-цаколі на высокай, ледзьве не на локаць драўлянай падэшве, мода на якія прыйшла летась з Венецыі і якія ён, сустракаючы ненатуральна высокіх модніц, пагардліва ахрысціў дыбамі, – нават гэтыя чаравікі на яе нагах выдавалі дарэчнымі.

      Ён глядзеў на яе і апавядаў, як яшчэ дзіцем пераносіў па цаліку суліцы, як пераплываў побач з канём рэкі і месяцамі блукаў пушчаю. Яму хацелася, каб Франчэска ўвачавідкі ўбачыла, як стралец, злажыўшыся з лука, зразае жораву крыло, як ляціць па зямлі імклівы птушыны цень і, палохаючыся яго, маланкава зрываецца з месца зубр. Яму праглася, каб яна пачула, як разлягаецца ў прыцемку рэзкае «гох! гох!» і як, пазнаўшы саміцу, адгукаецца магутным працяжным ровам і напралом, абдзіраючы бакі, нясецца на здрадлівы голас паляўнічага вабіка падмануты лось…

      Мужчына гаварыў і бачыў, што яе вялікія вочы расплюшчваюцца яшчэ шырэй і з твару знікае ўдаваная абыякавасць. Ён чуў радасць ад улады сваіх слоў, але раптам у вачах у Франчэскі плескануўся спалох і тонкія белыя пальцы – нібы яна хацела ад нечага абараніцца – моцна сціснулі тронак вахліка.

      – Хопіць, – холадна прагучаў яе голас, і мужчына з горкім непаразуменнем замаўчаў.

      – Я хачу пачуць, як гучыць на вашай мове вашае імя, – без усякай сувязі з папярэднiм сказала яна.

      Мужчына падумаў, што для яе гэта проста прыхамаць, не болей. Кароткай пярэрвы было дастаткова, каб Франчэска з нейкай палёгкаю засмяялася.

      – Ён забыў сваё імя, – узмахнуўшы вахлікам, прамовіла яна скрозь смех. – Памятае ўсіх сваіх звяроў, а імя – забыў.

      Мужчына таксама ўсміхнуўся – стрымана, але ветліва – і са здзіўленнем адзначыў, што ўжо не адчувае аніякае крыўды.

      – На СКАЧАТЬ