Название: Чужая бацькаўшчына
Автор: Вячаслаў Адамчык
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Книги для детей: прочее
Серия: Школьная бібліятэка
isbn: 978-985-02-1143-9
isbn:
Пад застрэшкам над вокнамi вiсеў доўгi вянок густа начапляных на дрот чырвоных, ужо сухаватых, рабiн – мусiць, на зiму на лякарства.
Хата была старая, з павыгнiванымi да стрыжняватай сарцавiны падвалiнамi.
Ваўчок гаспадаркi не глядзеў. Год пятнаццаць назад, вярнуўшыся з войска i прынёсшы дадому доктарскi сакваяж з начыннем, ён пахвалiўся ўсiм, што пры вайсковым доктару быў спярша санiтарам, потым фельчарам i ўмее цяпер лячыць людзей. Языкаватыя верасаўцы далi яму мянушку «фэйчар» i лячыцца да яго, вядома, не пайшлi. Людзi ж з дальшых вёсак, шукаючы ратунку ад якое нязлечнае хваробы, прыблуквалi часам i ў Верасава, i потым Ваўчок хвалiўся, цi найболей яго Вольга, што чалавек з-пад Белiцы, у якога аднялiся абедзве нагi, праз месяц пачаў хадзiць i кiй нават выкiнуў. Верасаўцы слухалi яе, у каго-небудзь крывiлася ад смеху губа, жмурылiся вочы, i ён ужо трос галавою: «Фэйчар, што скажаш». I ўсе пачыналi рагатаць. Вольга моргала выцвiлымi вейкамi, а праз дзень цi два, калi на абслiзганых каменнях, чакаючы з поля быдла, збiралiся верасаўскiя бабы, зноў пачынала пра тую нязлечаную хваробу.
«Вот махляр», – думалi бабы, разыходзячыся кожная за сваёю кароваю, што ўжо цiснулася ў двор i тоўстымi бакамi ламала крывыя, на адным прабоi, веснiкi.
«Махляр-то махляр, тут i ў цюрму праз яе сядзеш», – думаў Корсак, скiроўваючы да Ваўчка на надворак.
Забарабанiўшы па дошцы ланцугом, з буды высунуўся i загыркаў, шчэрачы рэдкiя зубы, чорны, з карычняватымi кропкамi над вачыма, Ваўчкоў сабака. Але караткаваты ланцуг не пускаў яго да дзвярэй, сабака турзануўся раз-другi i толькi вяла, не хочучы, гаўкаў.
Корсак пакруцiў за абслiзганую закрутку i ўвайшоў у цемнаватыя сенi, спатыкаючыся тут на старым павыбiваным току.
– Ты, браце, хоць ямы зараўняў бы, – сказаў Корсак у хаце, замiж таго, каб даць «дзень добры». – А то ж чужы чалавек i ногу зломiць.
Ваўчок, шчуплявы, дробны мужчына з шырокiм прысадзiстым носам, адкiнуў з патылiцы на белае, лысае цемя рэдзенькi касмык валасоў:
– Нiчога, дзядзька Улас, калi на бяду пойдзе, то i на роўнiцы спатыкнешся.
На лаве каля яго калываўся, мусiць, толькi што выразаны з палена, драўляны чалавечак з пiлоюшчэпкаю, на канцы якое вiсела сырая картопля.
У наструганых, паскручваных у трубкi стружках стаялi босыя дзецi – хлопчык год чатырох у шарачковых портках, з мокрым, заслюненым станiкам, i дзяўчынка гадоў двух, у паркалёвай, па самыя пяты, сукенцы, белая, як злiнялая пад каменем мурашка.
Вольга, у гладка завязанай на лоб касынцы, сядзела на калодцы сярод хаты, трымаючы мiж тоўстых тупых каленяў бойку, бiла масла – ганяла крыжыкам згорклую пад восень смятану, што, паднiмаючыся шумам, выплюхвалася на накрыўку.
Убачыўшы Корсака i як чуючы вiну, не паднiмала ад бойкi сваiх зеленаватых, як у кошкi, вачэй. Мацней загрукала крыжаком.
– А ты галавы не ўгiнай, – Корсак расшпiлiў пад барадою гаплiк: яму, пэўна, там муляла i было горача.
– Чаго СКАЧАТЬ