Название: Чужая бацькаўшчына
Автор: Вячаслаў Адамчык
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Книги для детей: прочее
Серия: Школьная бібліятэка
isbn: 978-985-02-1143-9
isbn:
Падсаджваючы за ногi, Мiця Корсакаў памагаў сесцi Алесiнаму малацьбiту.
– Скарэй, скарэй! – падганяў усiх Бронiк Лiтавар, кiруючы каня з рунi ў цёмны нiзкi хвойнiк, на дарогу.
Начлежнiкi азiралiся на ялаўцовыя кусты, але нiчога не бачылi – усё завалок шары поцемак ночы, перамешаны з гэтым сухiм снегам.
– Ляжа зiма, – азваўся Алесiн малацьбiт, аб’язджаючы разгалiсты нiзкi дубок, што звiнеў цвёрдым лiсцем. – Снег пасыпаўся на ўмёрзлую зямлю.
Уехалi ў зацiшны маладнiк. Конi ўгiналi галовы, каб не секла галлём па вачах, прыгiналiся i адварочвалiся начлежнiкi.
Дарога ў лесе зрабiлася белаю ад снегу. Белым, як абмешанае мукою цеста, было i поле за лесам. Абапал дарогi ляжала стракатая ралля. Дужэў на голым грудзе вецер, падганяў у спiну, качанелi ад холаду рукi. Конi iшлi ўнурыўшыся. Маўчалi начлежнiкi, думалi пра сённяшнюю ноч, пра зладзеяў, якiх невядома чаго прынясло сюды, пра мяшок з палатном i, мацней сцiскаючы пад пахаю цвёрдыя скруткi, падганялi коней.
У палахлiвым поцемку стаiлася вёска, адна за адну хавалiся хаты. Вялiкiмi каўпакамi выглядалi з-за iх прыцярушаныя снегам гумны. Нiдзе ў вокнах не было агню.
Толькi за вёскаю, на Прылуцкiх хутарах, у нечым акне тлеў жоўты агонь. Там гаўкаў, недзе рвучы ланцуг, тоўстым, прастуджаным голасам сабака. Нехта блiскаў каля вугла батарэйкай.
– Хлопцы, гэта палiцыянты, – расцяжна сказаў Мiця Корсак.
Усе страпянулiся i сталi падганяць коней. Учуўшы начлежнiкаў, зайшлася i выбегла на вулiцу Алесiна сучачка.
– Пайшла вон! – прыкрыкнуў на сучачку Алесiн малацьбiт, i яна, цяўкнуўшы, нiбы яе схапiў воўк, раптоўна сцiхла.
Астаўшыся адзiн, Мiця праехаў пустою вулiцаю, чуючы, як аддаецца грукат конскiх капытоў у чужых надворках, скiраваў дадому.
Востра зацюкаў па бруку яшчэ не збiтымi падковамi конь. Пад’ехаўшы да хлява, Мiця саскочыў з каня. З-пад пахi выслiзнула i мякка гупнула палатно. Не падымаючы яго, Мiця зняў з каня вобруць i за грыву завёў яго ў цёмны i парны ад гною хлеў. Разбуджаная грукатам, паднялася, цяжка ўздыхнула карова, затупалi, тручыся бокам аб сцяну i шастаючы гарахавiннем, авечкi.
Высунуўшыся з хлява, Мiця навастрыў слых туды, на Прылуцкiя хутары. Вецер iрваў, адносiў тоўсты голас сабакi. Гнулася i шастала доўгiм галлём над хатаю пры вулiцы вiлаватая бярэзiна. Снег зрадзеў саўсiм.
Мiця падняў скруткi палатна, падышоў да парога i затрос дзвярыма – яны былi прысунутыя.
– Хто тама? – трохi счакаўшы, азвалася з сяней Хрысця.
– Гэта я, Мiця.
– Ай, божачка, – сказала яна, грукнуўшы са звонам жалезнай засаўкай. – А мне падалося, што зноў палiцыянты. – Яе белая сарочка мiльганула ў шараватую цемнату хаты. – З гадзiну як пайшлi…
– Няўжо? – У Мiцi нешта халоднае перавярнулася ў грудзях.
– А гэта што? – яна дыхнула цяплом, ложкам, калi ён увайшоў у хату.
– Палатно… У зладзеяў адабралi.
– Мала табе аднаго вобыску! – закрычаў з-за белаватага СКАЧАТЬ