Название: Шоўк (зборнік)
Автор: Мікола Адам
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1485-0
isbn:
– Што ж, – цяжка ўздыхнуў я, – вы многа страцілі. А можа, і нічога.
Я павярнуўся да яе спінай, закурыў і пайшоў прэч.
– Стойце! – прагучаў загад, нібы стрэл. Ды толькі мне было ўсё роўна. Яна больш не аклікнула і не дагнала мяне, чаго я, у прынцыпе, і не чакаў, а праз тры дні – такі сюрпрыз.
…Яна сядзела на канапе (на якой зараз ляжаў я), падклаўшы пад локаць падушку, падкурчыўшы пад сябе і схаваўшы пад абарону шоўку ножкі, як золата ад злодзея.
– Фі, Адам, – прамовіла Насця пасля даволі працяглай паўзы, – як смярдзяць твае вочы!
– Яны яшчэ не так будуць смярдзець, – сказаў я, – пакуль ты не растлумачыш, што адбываецца?..
– У жанчын – свае сакрэты! – адзначыла Насця. У наступны момант ейны халацік накрыў маю галаву, нібы покрыва – клетку з папугаем. Калі я сцягнуў яго з сябе, Насці на канапе ўжо не было. Яна ляжала ў ложку за шырмай, па шыю захінутая коўдрай, і чакала мяне. Але паміж намі нічога не адбылося. Я паспрабаваў пацалаваць дзяўчыну ў вусны, але яна так ушчыкнула мяне, што прапала ўсякая ахвота.
Мы ляжалі побач і проста размаўлялі ні аб чым: пра зоры, якіх амаль не бачна, пра снег і вецер, пра дождж і завіруху, пра сонца і месяц, пра дзень і ноч, пра Кафку і Вулфа… пакуль, стомленыя, не засыналі.
4
– Насця! – паклікаў я дзяўчыну, але яна не адгукалася, зачыніўшыся ў ваннай. Верагодна, пакрыўдзілася, але я не адчуваў за сабой ніякай віны. – Насця! – зноў паклікаў я. Аднак дзяўчына маўчала. Я закурыў. Дым прыемна затуманіў мазгі, якія ўжо заплеснелі бескарыснымі думкамі. Дзверы ваннай адчыніліся. Насця грацыёзнай хадою кошкі падалася да мяне. Матава-бледны твар яе захоўваў непарушны спакой, нібыта нічога не здарылася, але кава вачэй здалася мне такой халоднай, гатовай выплеснуцца і замарозіць у імгненне ўсё жывое. Яна вырвала з маіх губ цыгарэту і зламала яе сутаргавым рухам пальцаў у попельніцы. Незатушаны цалкам попел разгарэўся зноў і задыміў. Дым падымаўся ўгару, як ад кубачка кавы – пара, толькі вось ад той кавы, якая мне падабалася, сыходзіў далёка не пахучы парочак. Насця, відаць, пачула, як я валэндаўся з запалкамі, таму і вызвалілася дачасна з добраахвотнага пастарунка. У мяне склалася ўражанне, што дзяўчына прыняла блізка да сэрца маю хваробу, бліжэй, чым я сам. Нашы позіркі, што сустрэліся, нібы два мячы ў бойцы, застылі ва ўпартай рашучасці і асабістай праваце, моцна самкнёныя вусны пакуль адмаўляліся ад ролі пасрэднікаў.
Насця першаю апусціла вочы, якія адразу пацяплелі, і я прыкмеціў ледзь заўважны, як ад цыгарэты, дымок.
– Табе нельга курыць, – стомлена прамовіла яна і села побач, узяла маю галаву ў свае цёплыя рукі з доўгімі нервовымі пальцамі.
– Я ведаю, – згадзіўся я, абняўшы Насціны рукі сваімі, з жоўтымі ад цыгарэт пальцамі.
СКАЧАТЬ