Название: Шоўк (зборнік)
Автор: Мікола Адам
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1485-0
isbn:
– Што? – звонка рассмяялася русалка. Яна наліла цалюткую далонь шампуню, што нагадваў сыры жаўток, і змяшала яго са сваімі мокрымі доўгімі валасамі, якія мне падаліся тонкімі злоснымі пугамі.
– Я кажу, чаму вы не ў моры? – паўтарыў я. – Ці мора для вас такое вялікае, што вы абралі вось гэтае…
– Я нічога не чую, – данеслася да мяне. Яшчэ б! Цяпер русалка нагадвала сапраўднага марсіянскага прышэльца, у мыльных пухірах і ў пене, што нагадвала своеасаблівую скуру або вопратку. На некаторы час русалка знікла пад вадой, і я ўжо спалохаўся было, ці не ўтапілася яна? Русалка – русалкай, а ўсякае бывае, можа, яна развучылася плаваць ці яшчэ вучыцца, напрыклад, рыхтуецца здаваць іспыт на сапраўдную русалку ва ўніверсітэце? Хто ведае? Можа, яна русалка-студэнтка, таму што занадта яшчэ маладая. Цікава, у колькі гадоў ім выдаюць дыплом з дазволам працаваць русалкай? У прынцыпе, яны і без дыплома працуюць, дай божа!..
Так-так, зразумела. Дакладна, яна – студэнтка, а я – нешта накшталт фальклорнай практыкі. У яе заданне да іспыту – патапіць каго-небудзь з людзей. Вядома, зараз гэты працэс камп’ютарызаваны, але ж практыка ў яе фальклорная, яна любіць даўніну і хоча ўпэўніцца ў неўміручасці занятку продкаў. Толькі ў ванне цяжка ўтапіцца. Не, вядома, калі захочаш, можаш… а ці няма там другога дна, якое вядзе адразу ў акіян?..
Тут мяне папрасілі пакінуць памяшканне і зачыніць дзверы з таго боку. Я падпарадкаваўся без лішніх слоў, сам не ведаючы, чаму, разумеючы толькі адно: тапіць мяне не будуць, і, відаць, мая русалка – не студэнтка. А шкада.
Яна выйшла праз некалькі хвілін, на хаду выкручваючы, нібы мокрую, толькі што папаласканую бялізну, валасы. Але не хвост з залатой лускою трымаў яе раўнавагу, а стройныя прыгожыя чалавечыя ножкі з драпінкай, відаць, ад кашачых кіпцюроў, на левай каленцы, крыху ніжэй края блакітнага шаўковага халаціка, які павінен вісець у шафе на плечыках. Гэта рэч сястры, якую яна забылася ў спешцы забраць з сабой у Італію, калі ад’язджала разам з мужам-італьянцам, пакідаючы мне кватэру. Я ірвануў да шафы, расчыніў дзверцы, пустыя плечыкі торгаліся на вешалцы, як Бураціна на цвіку.
Яна не была ніякай русалкай. Яна была проста Насцяй, мокрай Насцяй, з зачасанымі назад валасамі, з кавай глыбокіх, крыху раскосых вачэй, з крыху ганарлівым носікам і капрызлівымі вуснамі. Яна была той Насцяй, якая тры дні таму пры размове са мной не паверыла ніводнаму майму слову. Гэта было на «Художниках», пад вечар, калі надвор’е не выпендрывалася, і, хоць сонца ўжо зайшло, вецер і хмары не выкарысталі яго адсутнасць. Спакойна, як сонныя вароны, яны сядзелі на правадах прысутнасці і пазіралі на нас, як мы на тэлевізар – у чаканні, калі экран засвеціцца каляровым відарысам. Я выпадкова ішоў міма, мне было па дарозе да метро, і сустрэў даўняга сябра, якога даўно не бачыў. Некалі мы разам вучыліся ва ўніверсітэце. Зрэшты, калі ўспамінаць кожнага сябра, з якім я вучыўся і з якім сустракаўся ў той або іншы дзень тыдня ці вечар, – не хапіла б ніякага СКАЧАТЬ