Шоўк (зборнік). Мікола Адам
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Шоўк (зборнік) - Мікола Адам страница 27

СКАЧАТЬ бручны касцюм, пад пінжак – белую шаўковую блузку і чырвоны мужчынскі гальштук, туфлі на высокім абцасе. Штосьці яшчэ? Так, капялюш, як і гальштук, мужчынскі. Ёй наогул мужчынскі гардэроб пасаваў, рабіў яе больш жаноцкай і цікавай, калі не сказаць, сексуальнай. Наташка выглядала не горш, ды і астатнія таксама.

      «Трудавік» дакурыў і адчыніў дзверы ў рэстаран, ветліва запрашаючы жанчын увайсці першымі.

      Зала была поўная. Сляпіла яркім святлом і аглушала музыкай і гучнымі галасамі. Дзве афіцыянткі ледзь паспявалі прымаць і выконваць замовы. Святлана мімаволі запынілася, але Наташка падпіхнула ззаду.

      – Не дрэйф, сяброўка, – пракрычала на вуха, – сёння наш дзень, так давай адтапырымся на славу. Наш столік вунь ён, пусты ля акна. Я яго замовіла яшчэ ўчора.

      Заахвочаная словамі Наташкі і іншых, Святлана хутка апынулася за столікам і ўжо гартала меню. Наташка меню вырвала з яе рук і сказала, што ўсё даўно замоўлена і не трэба перанапружваць мозг.

      Афіцыянткі па чарзе прынеслі гарэлку, таматавы сок, фруктовае асарці, адбіўныя, некалькі відаў салаты, шакалад, віно. Віно, зрэшты, ніхто не захацеў, і яго панеслі назад.

      Па першай выпілі за прафесійнае свята, потым за сябровак, потым за каханне, а затым перад столікам з’явіўся малады чалавек і ветліва запрасіў Святлану на танец, якраз гучала павольная кампазіцыя.

      Спачатку яна не зразумела, што трэба было гэтаму хлопчыку, чужому і незнаёмаму. Ніколі раней яго не бачыла. Наташка пракрычала на вуха, што Святлану клічуць танчыць.

      – Але ж ніхто не танчыць, – разгубілася Святлана.

      – Ніхто, – пагадзілася Наташка, абвёўшы поглядам памяшканне. – Ніхто, – утаропілася на маладога чалавека.

      – Мы будзем першымі, – працягнуў той руку Святлане, і ёй раптам так захацелася даверыцца яго руцэ, адчуць яе дотык, але зрабіла зусім іншае.

      – Навошта? – спытала яна.

      – Затым, каб не паўтараць, – прамовіў малады чалавек, ахінаючы аксамітам свайго голасу, нібы спавіваючы ў шоўк усю існасць жанчыны, якая памірала ад адзіноты, – за іншымі, якім таксама можа прыйсці ў галаву выйсці танцаваць.

      – Вы ўпэўнены? – нерашуча вагалася яшчэ Святлана, але шалёна жадала, каб гэты хлопчык настаяў на сваім.

      – Абсалютна, – малады чалавек не расчараваў яе.

      – А мяне тут усе ведаюць, – працягвала пярэчыць Святлана, супраціўляючыся, хутчэй, самой сабе, бо не чакала, што здольная, хоць у глыбіні душы была ўпэўнена, напляваць на прыстойнасць і гадамі выпрацаванае становішча ў грамадстве. – А вас не ведаю я.

      – Вось і пазнаёмімся, – не сыходзіў малады чалавек.

      – Вы так думаеце? Вам гэта трэба?

      – Светка, ты чаго? – ушчыкнула яе Наташка. – Потым жа шкадаваць будзеш! А лепш пашкадаваць пра зробленае, чым пра не зробленае. Ты глядзі, які хлопчык!..

      – Праўда твая, менавіта хлопчык! – адказала Святлана сяброўцы. – Ён аднагодак майго сына!..

СКАЧАТЬ