Название: Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Исторические приключения
Серия: Электронная кнігарня
isbn: 978-9-85903-776-4
isbn:
Пані Саламея адразу перамянілася, ажыла, сінім вачам вярнуўся бляск… Каб здабыць рэдкія інгрэдыенты, давялося кланяцца пану Жыліберу.
Праўда, той, калі зразумеў, што Вырвіч можа штось паганае пра дэ Варда з памагатымі ўспомніць, ажывіўся, даў усіх травак, грыбочкаў і нават уласнаручна выкапаў зялёны лысы кактус у аранжарэі.
А вось каб падрыхтаваць зелле, уменняў Вырвіча і пані Саламеі не хапіла, звярнуліся да пляменніка дзядзькі Лейбы Давыда. Па хлапцы было відно, з кім у сваяцтве: можа не заўважыць, што аднакурснікі яму на капялюш які-небудзь саламяны жмут прычапілі, затое падручнікі ды даведнікі на памяць цытуе. Дзядзька Лейба такім і быў – мудры дзівак з Полацка. Тынктуру з пахам язміну – хоць язміну там зусім і не было – Давыд спрабаваў зрабіць цэлы тыдзень. Пранціш увесь змэнчыўся, як ваявода абложнага горада, які ўсё чакае саюзнае войска.
І вось у той дзень, калі на пляцы Бялькур ткач разбіў нос надта паскуднаму судзейскаму, ва ўніверсітэце Манпелье пракудлівы студэнт выйграў у карты права адзінаасобна заляцацца да міленькай дачкі прафесара рыторыкі, а ў далёкай Рэчы Паспалітай баявыя канфедэраты Шымона Касакоўскага пад Бераставіцай перамаглі войска расейцаў, былы каралеўскі драгун Пранціш Вырвіч смела асушыў шклянку з каламутным напоем.
І вось перад вачыма знаёмыя дзверы ў сутарэнні дома дэ Варда. Марудна расчыняюцца… Рыпяць… Пранціш падымае ліхтар і крочыць наперад, у цемру, у якой адчуваецца нешта жывое, злавеснае, мсцяцца хрыплыя подыхі…
І сапраўды – жывое… Клеткі, як у звярынцы, а ў іх – людзі. І лепей бы яны былі мёртвымі. Голыя, звязаныя, прыкручаныя ланцугамі так, што не могуць варушыцца, з вачыма, што глядзяць у розныя бакі. А самае застрашлівае – з уздзетымі на паголеныя чарапы шлемамі з жалезных абручоў, з адтулінаў якіх тырчаць засаджаныя ў галовы бліскучыя іголкі… А вось знаёмая фізіяномія – гэта жанглёр з рынку, за хуткімі рухамі якога часцяком назіраў Пранціш, калі ішоў у госці да Лёдніка. Небарака яшчэ пры памяці, касавурыцца вокам, набрынялым крывёй, нешта сіпіць – а рукі па локці адцятыя, кульці заматаныя бінтамі – спрытныя, мабыць, занадта былі ў жанглёра рукі, небяспечныя для катаў…
Пранціш сам бы прыплаціў, каб яму не вярталі памяць наконт пабачанага ў сутарэннях… Але доўга разглядацца не давялося, таму што – цяпер Вырвіч гэта ясна разумеў – далі шпегу добранька па галаве.
Наступная пасля зацямнення карцінка бачылася толькі краем вока, бо асноўную дзею захінала белая тканіна, якой Вырвіч быў накрыты, бы нябожчык… Ды і ляжаў ён нерухома, як навец, бо прыкручаны. І не загарлаць абурана на такое парушэнне правоў шляхціца – рот надзейна заторкнуты скураным кляпам, а галаву моцна трымаюць жалезныя абручы. Вось карону ты зарабіў сабе, адважны драгун…
А зусім побач – галасы вучонага дыспута. І СКАЧАТЬ