Название: Быць хрысціянінам
Автор: митрополит Антоний Сурожский
Издательство: НП «Центр современной литературы»
Жанр: Религиоведение
isbn: 978-5-903898-32-9
isbn:
І вось для таго, каб мы маглі здзейсніць тое, да чаго былі пакліканы, Госпад устанавіў таемствы. Таемства – гэта Боскае дзеянне, якое нас прылучае да таго, што ёсць нашай прыродай: і творнай, і Боскай. Творнай – у тым сэнсе, што мы перасталі быць стварэннем, якім яго задумаў і стварыў Бог: нявінным, чыстым, адкрытым Богу да канца, без ценю. Аднак мы пакліканы і гэтую меру перарасці ў прылучэнні да Бога. І таму таемствы якімсьці цудоўным чынам выкарыстоўваюць рэчыва творнага свету для таго, каб нас прылучыць да таямніцы Боства. І на гэтым варта на імгненне засяродзіць увагу.
Якім чынам творнае рэчыва можа нас прылучыць да таго, чаго мы самі дасягнуць не здольныя? Рэч у тым, што стварэнне заняволенае грахом, дакладней, заняволенае недасканаласцю праз чалавечы грэх, але стварэнне як такое застаецца бязгрэшным, то і Бог можа ўсё творнае асвяціць паўнатой Сваёй прысутнасці і ласкі і праз стварэнне перадаць нам гэты дар ласкі і Богапрысутнасці. Калі Бог стаў чалавекам, Ён прылучыўся да ўсяго рэчыва сусвету; рэчыва сусвету магло Яго прыняць, – яно Богу ніколі не здраджвала, ніколі не паўставала супраць Бога. І вось у таемствах Госпад Ісус Хрыстос бярэ, скажам, хлеб і віно, пры хросце бярэ ваду, пры мірапамазанні ялей і г. д., і гэтае рэчыва злучае з Сабой так, каб тое рэчыва, якое Ён перадае, аддае нам, магло нас асвяціць. У водах Хросту, сілаю асвечаных водаў, мы ачышчаемся ад нашага граху. У дары Святых Таямніцаў мы прылучаемся да Цела і Крыві Хрыста, таму што хлеб і віно могуць прылучыцца да Бога непасрэдна, дарам Божым, тады як мы самі, проста воляй ці няволяй, не можам больш гэтага зрабіць.
Дзейца ўсякага таемства – Сам Госпад Ісус Хрыстос і Дух Святы. Чалавек ніякімі сваімі сіламі, нават пры рукаўскладанні на святарства, нават пры пастаўленні ў епіскапства, не атрымлівае ўлады над створаным светам, не можа проста ўзяць хлеб зямлі і зрабіць яго часткай Цела Хрыстовага або ўзяць кубак віна і зрабіць часткай Крыві Хрыстовай. Гэта можа здзейсніць толькі Сам Госпад Ісус Хрыстос. І ў гэтым сэнсе адзіны Тайнадзейца – Бог.
Але калі ставіцца пытанне: у чым роля святара? Ці патрэбны ён для чаго-небудзь? Так, ён патрэбны, таму што для таго, каб здзейсніўся цуд, неабходна супраца чалавека, неабходна ягоная добрая воля, неабходна ягоная вера, неабходна ягоная адкрытасць, неабходны ягоны дар самога сябе. І святар – чалавек, якога Бог ставіць на той мяжы, на якой можа стаяць толькі Сам Госпад Ісус Хрыстос. Гэта адно з самых узрушальных перажыванняў у жыцці, калі чалавек, якога пастаўляюць у дыяканы, пераходзіць мяжу царскае брамы. Да гэтага ён уваходзіў у алтар бакавымі дзвярыма, цяпер ён уваходзіць праз царскую браму, праз якую толькі Цар Славы можа ўвайсці паводле годнасці і права. СКАЧАТЬ