Название: Вольны птах. Раман
Автор: Мікола Адам
Издательство: Издательские решения
isbn: 9785006276949
isbn:
– Куды сабраўся ўжо? – пачуў голас медсястры з зялёнымі вачыма. – Яго ледзьве з таго свету выцягнулі, а ён на гулі, не іначай, намыліўся.
Пасля яе слоў зноў некуды ўсё знікла, як пасля таго, калі я далічыў да трох. Толькі праз суткі, нарэшце, здолеў сяк-так расплюшчыць вочы і адэкватна рэагаваць на рэчаіснасць у палаце на двох, голы, хоць і пад прасцінай. З эпікрызу з цягам часу даведаўся, што доктарам-нейрахірургам «зроблена экстраная хірургічная аперацыя адкрытага ўціснутага пералому цемянной косткі сярэдняй цяжкасці справа, ушыбу галаўнога мозгу з лёгкім гіпертэнзіўным сіндромам, умеранымі вегетасасудзістымі парушэннямі і мікраачаговай сімптаматыкай. Становішча пасля аперацыі: дэфект цемянной косткі справа памерам 2,5 х 1,5 см (іншымі слова яе там няма), непрацаздольны. Рэкамендуецца акадэмічны адпачынак». Подпісы лекуючага доктара, загадчыка нейрахірургічным аддзяленнам, пячаткі. Зрэшты, не ўсё так фігова. Ідэнтычныя маёй траўме мелі савецкі актор Анатоль Папанаў і амерыканская акторка Ума Турман.
Ці чакаў я Насцю? Ці хацеў, каб яна пабачыла мяне такога – голага пад прасцінай, з перабінтаванай галавой і вартага жалю? Ды яшчэ з суседам па палаце – дзядзькам гадоў пад трыццаць, у якога не адно траўма галавы была, а зламаныя рэбры, рука і нага ў дадатак да бандажу на шыі (ён працаваў на будоўлі і навярнуўся з лясоў, у якіх трос адарваўся на вышыні чацвёртага паверху, добра, што не на голую зямлю ўпаў, а на пясок грудком)? Так, чакаў. Так, хацеў. Нягледзячы ні на што. Хаця асабліва губу не раскатваў. Хто мы адно адному? Выпадковыя мінакі. Калі б дзяўчына не прайшла міма, ніколі б жыцці нашы не перасякліся, дый ці б працягнулася маё жыццё ўвогуле. А мо яна проста плод майго ўяўлення? Пабочны эфект пашкоджанага мозгу? Магло такое быць? Цалкам магчыма. Бо хто ў нашым кончаным свеце пры ясным розуме і светлай памяці прыпыніць свой бяссэнсавы шлях у нікуды, таропкі і засяроджаны, каб вылучыць хаця б некалькі хвілін уласнага бясцэннага існавання на незнаёмца, які, хутчэй за ўсё, апынецца няўдзячнай п’янай тварынай альбо ванючым вашывым бамжом? Я сам так лічыў. Абыякавасць у крыві кожнага, абы мяне не чапалі, няхай вакол хоць планавае вынішчэнне нацый, хоць канец свету. Хіба што анёлам не ўсё адно. Магчыма, Насця якраз з племені гэтых пярнатых? Але яна абяцала, што мы пабачымся. Узяла пропуск у Дом друку, каб дапамагчы з газетай. Пропуск на звычайнай паперы, без фотаздымку, з напісанымі шарыкавай асадкай прозвішчам ды ініцыяламі ўласніка пропуску. Яго асабліва не правяралі. Галоўнае, што зверху мелася шапка з вялікімі тлустымі літарамі «Дом друку». Калі праходзіш праз прахадную, проста трымаеш пропуск у руцэ так, каб шапку было відаць, і ідзеш сабе далей. Я не сумняваўся ў Насцінай дапамозе, я сумняваўся ў сабе. Хто яна, а хто я? Зрэшты, ні я нічога не ведаў пра дзяўчыну, ні яна пра мяне, і лягчэй ад усведамлення апошняга не рабілася. Затое ведаў, СКАЧАТЬ