Название: Сакрамэнта
Автор: Галіна (Галіна Багданава)
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
isbn: 978-985-6887-77-5
isbn:
І раптам… Гэта сталася сёлета, пасля таго, як ён знайшоў цябе, Неферціці. Ён больш не дакранаецца да мяне, ён халодны, раздражнёны, злосны. І самае балючае, што і мне ён не дазваляе аддаваць яму свае пяшчоту і ласку. Як усё адно хтосьці адваражыў.
Вядома, я не такая, як у маладосці. Пасля родаў мае, яшчэ нядаўна стройныя ножкі распухлі, і вены цяпер нагадваюць рэкі падчас разліву. Я крыху паспраўнела. І на твары з’явіліся зморшчынкі. Але ж рукі… мае рукі, далоні, ты адчуваеш, Неферціці, я зараз адкладу ручку, адчуваеш, якія мяккія ў мяне далоні? А ён, ён не хоча браць з іх ласку… І цяпер, пэўна ж, цешыцца з гэтаю хударляваю жонкай банкіра. А ў мяне… О… Ты б ведала, Неферціці, як у мяне шторанак баляць рукі. Нямее пазваночнік. І рукі нямеюць і баляць, асабліва правая, пачынаецца вось з гэтага, сярэдняга пальца, боль ператварае маю руку, не, цяпер ужо мае рукі ў клешні. Рукі нямеюць, камянеюць, і я думаю, я ўпэўнена, гэта таму, што ім не дазволена, яны не маюць магчымасці аддаваць цяпло і ласку.
Божа, Матка Боска, але ж ты плачаш, Неферціці… Вочы. Твае вочы і праўда наліліся слязьмі. І ты плачаш разам са мною. Вочы… Вось яно, ад слёз выявілася і другое тваё вока. Зеленаватае, з вялікаю чорнаю зрэнкаю. Не атрымалася ў нас з табою іранізаваць. Заплакалі. І я адчуваю, ты хочаш нешта мне сказаць. Мы зараз пагаворым з табою, пагаворым… Не ведаю, на якой мове. Але мы зразумеем, мы мусім зразумець адна адну… Зразумеем.
Дапішу потым… Заўтра.
…Спяшаюся, хачу дапісаць. Хачу, каб потым мае дочкі, і асабліва Магда, калі яна вырасце і прачытае… як хочацца, каб яна не паўтарыла маіх і яе, Неферціці, памылак, калі атрымаецца…
Я спынілася на тым, як з вачэй Неферціці паліліся слёзы. Шурпаты камень стаўся пылам. Яе шчокі паружавелі, паярчэлі. І прыадчыніліся пульхныя, чуллівыя вусны.
– Ты смелая жанчына, – сказала яна ўздыхам, – А я вось не адважылася спраўдзіць сваё трэццяе каханне. Яно так і патанула толькі ўва мне. Зараз у мяне з’явіцца цела, і мы здзейснім падарожжа ў часе. Я запрашу цябе да сябе. У тым доме, доме, які стаіць за мяжою нашага галоўнага горада, у тым доме, куды Эхнатон выселіў мяне разам з дочкамі і Тутанхамонам. З Тутанхамона, Эхнатон так хоча, калі я ўжо не здолела нарадзіць яму сына, я мушу выхаваць зяця, мужа адной з нашых дочак і будучага фараона. Дык вось, у тым доме ёсць адзін вельмі ціхі дальні пакой. Ніхто нас там не патрывожыць. Давай сваю руку. О… І ў цябе на скуры ўжо расцякаюцца карычневыя плямкі – старэчае рабацінне, прыкмета таго, что пара квітнення скончана…
Яна пагладзіла мяне па руцэ. І мая маленькая далонь сцішылася ў гарачых абдымках яе даўгіх тонкіх пальцаў. І мы пайшлі, паляцелі, і тысячы кіламетраў і тысячы гадоў пераўтварыліся для нас у адноадзінае імгненне. Лёгкі саладкаваты водар ахінуў і разняволіў. Мы пераплылі раку часу і выйшлі на бераг яе пакоя. Пераступілі парог і важкая барвовая заслона апала за намі. Тут ніхто нас не патрывожыць.
– Ведаеш, СКАЧАТЬ