Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская страница 10

СКАЧАТЬ ён вымавіў па складах, раздзельна і крыху здзекліва. Яго любімы тон! Некалі Алега адлічылі з трэцяга курса кансерваторыі, давялося пераводзіцца, абіваць парогі, каб мець вышэйшую адукацыю. Вось і сядзіць у глыбіні душы старая крыўда як стрэмка. Здаецца, усё ў чалавека ёсць, а крыўда спакою не дае. Надзя прамаўчала, бо ведала: што варта запярэчыць, як усё скончыцца размовай на павышаных танах.

      – Што новага ў свеце класічнай музыкі? – запытаў Алег, паволі, маленькімі глыткамі адпіваючы гарачую каву. – Дарэчы, можна нясціплае пытанне? Колькі ты атрымліваеш за адзін канцэрт?

      – На нясціплыя пытанні я не адказваю. Ты ж не называеш суму сваіх даходаў!

      Звычайна лічбы ў ганарарнай ведамасці атрымоўваліся мізэрныя і смешныя, і Алег ведаў пра тое. Калі б яна назвала лічбы, ён пачаў бы рагатаць. Смяяўся б доўга і з задавальненнем. Бізнесмен вальяжна адкінуўся на спінку кутняй канапы.

      – Ды ў мяне сакратарка ў фірме больш у месяц атрымлівае, чым твае народныя артысты. Ты, дарэчы, яшчэ народнай не зрабілася?

      – Не хвалюйся! Табе паведамлю першаму, калі што якое… – іранічна адказала яна. – Мо і на банкет запрашу.

      – Буду ўдзячны. Эх, Надзя-Надзя, як бізнесам заняўся, чалавекам сябе адчуў!

      – Чамусьці твой сын не адчувае, што яго татка нарэшце зрабіўся вельмі багатым! – як мага больш яхідна заўважыла яна.

      – Добра! – засмяяўся Алег. – Злавіла на слове. На! – Ён дастаў з унутранай кішэні лёгкай летняй курткі два пачкі ў банкаўскіх абгортках. – Са мной нядаўна разлічыліся, таму і зайшоў!

      Надзя зірнула. Гэта аказаліся не долары, а беларускія грошы.

      – Ну, мог бы і «зялёных» пачак падкінуць, новы беларус, калі ты такі ўдачлівы і заможны…

      – Надзька, што я чую! – зарагатаў задаволена Алег. – Ты пачынаеш разумець сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці! Яшчэ пару гадоў, і нашы погляды будуць аднолькавыя…

      – «Не будуць… – думала Надзя. – Табе не надта салодка ў новай сям’і, вось ты пра блізкасць поглядаў і заспяваў.

      Цікава, якія яны розныя – былы муж і Маэстра! Алег, напэўна, нарадзіўся з мабільнікам у адной руцэ і калькулятарам у другой. Любімыя цацкі, з якімі ніколі не расстаецца. Калі спаць кладзецца, відаць, пад падушкай пакідае. Які прыбытак, дзе, колькі, калі? Усё падлічана, усё зразумела, ніякіх непатрэбных эмоцый. Цікава, дзялок поўнасцю знішчыў у ім спевака, ці яшчэ нешта засталося? А можа, дарма я так строга? Бізнес – рэч перспектыўная. Толькі чаму паводзіны Алега заўжды «на мяжы фолу»? Заўжды развязны, штораз яму трэба мяне зачапіць і зняважыць. Або свядома, або мімаходзь…»

      Маэстра – зусім іншы. Надзя часам дзівіцца, што зямныя тэмы яны ў сваіх размовах не кранаюць – толькі музыка і толькі мастацтва. Яна не ведае: абедаў ён сёння і ці будзе вячэраць? Ці ёсць грошы ў ягонай кішэні, ці наогул няма? Ніякіх размоў пра грэшную зямлю. Трапна сказала канцэртмайстар Ірачка: «Такія людзі на воблаку жывуць!» Напэўна, ён з воблака і злазіць не хоча. Яму там зручна і ўтульна.

      Якія розныя ў іх галасы! Некалі ўпэўнены Алегаў барытон здаваўся СКАЧАТЬ