Название: Млечны Шлях
Автор: Кузьма Чорны
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
isbn: 978-985-02-1091-3
isbn:
Бык выцягнуў шыю і зарыкаў. Незалежна ад сваіх думак, гэтыя два зрабілі рух, момантны і больш інстынктыўны як абдуманы. Каб хто сачыў за імі збоку, той падумаў бы, што гэта яны толькі і чакалі таго моманту, калі зарыкае бык, каб тады кінуцца на яго і замест ратунку, аб якім ён так рыкаў, зрабіць яму смерць. Тым часам бык як бы ў знямозе паставіў мысу ўніз, мусіць да наступнага рыкання. Гэтыя два адразу як бы забыліся на жывёліну, і вось пачала на іх твары лажыцца пячаць найпільнейшай увагі аднаго да другога. Увага гэтая межавалася з заядлым узбуджаннем і нянавісцю, хоць ніводзін з іх нават і здагадвацца не мог, каго ён бачыць перад сабою. Пачуццё прыкрасці і смутку адлюстроўвалася на іх тварах. Ужо на адзін самы найкарацейшы момант яны не спускалі адзін аднаго з вока. Кожны з іх, здаецца, нават дыхнуць баяўся. Бык некалькі разоў выцягваў шыю і рыкаў, а яны можа нават і не заўважалі гэтага. У кожным разе ніводзін з іх нават і вачыма не кінуў у той бок, дзе чатырохногі бадзяга прасіў дапамогі. Праходзілі хвіліна за хвілінай, і павялічвалася трывожная ўвага іх у аднаго да другога. Поўная нянавісць ужо ўладала імі. Калі каторы з іх рабіў хоць абы-які рух, другі ўскідаў руку са зброяй, каб хаця той не зрабіў гэтага раней за яго. Як бы нейкімі ланцугамі яны былі прыкуты да гэтага агіднага ім самім занятку. Іх прыгнечвала гэтая злая неабходнасць. У кожным разе, як бы там ні было, паміж усяго іншага, і рыса пакуты была на іхніх тварах. Напружанне іх даходзіла да найвышэйшага пункта. І раптам чалавечыя галасы, ціхія і стрыманыя, прыглушаныя імкненнем быць пачутым толькі тым, да каго гаворыцца, пачуліся недзе зусім блізка, вось тут, можа спаміж самых бліжэйшых кустоў. Бадай-што шэптам хтосьці казаў:
– Я табе кажу, што гэтая жывёліна рыкае недзе тут.
– А па-мойму, дык у лесе, – адказаў так жа ціха і асцярожна другі нехта.
Хвілін колькі цяглося маўчанне. Чутно было, як чыркнула запалка. Мусіць яны закурылі. Значыцца, зусім блізка яны былі. З гэтымі двума адбылася змена. Іх увага ўжо накіравалася СКАЧАТЬ