Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 12

СКАЧАТЬ а ты чарадзей?

      Лёднік пагладзіў хлопчыка па галаве.

      – Я – вучоны. Толькі невукі вераць у чарадзейства, запомні, сын. Ты яшчэ пабачыш, як навука зменіць свет!

      Уздыхнуў, як апошняга каня прадаўшы.

      – Хаця ці зменіць яна яго да лепшага – гэта яшчэ вялікае пытанне.

      Саламея вярнулася з вінавата апушчанымі вачыма, павяла сына спаць, паабяцаўшы яму, што ўсе забітыя жаўнерыкі назаўтра ажывуць і стануць яшчэ больш баявітымі.

      Каб жа так было і ў жыцці…

      Але ў жыцці ўсё няпроста. І Пранціш разумеў, чаму неўтаймоўная калісьці пані Саламея толькі ўпотай уздыхае і намагаецца не паказаць крыўды. Адчувае віну, што так і не змагла нарадзіць каханаму мужу дзіця. Пранціш падазраваў, што справа ў тым, што калісьці, падчас зняволення ў Слуцкім замку, пані моцна застудзілася – Геранім Радзівіл змушаў упартую палонніцу да пакоры ўсялякімі сродкамі. Што ж, шавец без ботаў, а дактары свае хваробы вылечыць не могуць.

      А Вырвіч, толькі апынуўшыся сам у пакоі, змог даць волю гору… Якім абарочваецца шчасце тваёй каханай – з іншым. І трэба мець вялікае сэрца, каб пажадаць ёй і надалей таго шчасця.

      Драгун Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр так і пастараўся зрабіць.

      Раздзел другі. Даручэнне суддзі Юдыцкага

      Старажытныя кёльты верылі, што калісьці ў Ірландыі над ручаём Тройцы раслі дзевяць кустоў ляшчыны з чароўнымі арэхамі цёмна-малінавага колеру: хто іх сарве ды з’есць, спазнае таямніцы сусвету. Разумнікаў, аднак, не знаходзілася, арэхі ціхенька сабе падалі ў ваду разам з таямніцамі, і там іх глыналі тлустыя лянівыя ласосі. Вось гэтыя рыбіны і зрабіліся наймудрэйшымі ў свеце, асабліва пасля таго, як чароўныя ляшчыны засохлі з-за цікаўнасці адной кабеты. А толку з мудрасці тых ласосяў? Што яны распавядуць? Хіба злавіць якога ды з’есці… Аднаму кёльтскаму герою, Фіну Мак Кумхэйлу, удалося такую рыбу сасмажыць ды зрабіцца мудрацом. А так – суцэльнае расчараванне: ласосі паныла сноўгаюць у рэчцы, шукаючы арэхаў, людзі вылоўліваюць ласосяў, спадзеючыся напаткаць патрэбнага…

      Пан суддзя Юдыцкі, напэўна, таксама спадзяваўся праз паяданне рыбы зрабіцца мудрацом. Таму што зацята калупаўся ў кавалку ласасіны, запечаным з цытрынай. Увогуле стол, за якім сядзела ўсяго два чалавекі, суддзя ды ягоны госць, быў устаўлены далікатэсамі аж надзіва: мядзвежыя лапы пад вішнёвай падліўкай, бабровыя хвасты з ікрой, ласіныя ноздры з мігдаламі, смажаныя вожыкі і яшчэ нешта, чаму Пранціш Вырвіч і назвы не ведаў. Проста магнацкі баль… Другая дзіўната была ў тым, што гаспадар амаль нічога з гэтага не з’ядаў – прынюхваўся вострым носам, прыцмокваючы тонкімі бледнымі вуснамі, прагна паглядаў запалымі вачыма, клаў у рот мізэрныя кавалачкі… Жаваў, прыжмурыўшыся ад насалоды. А потым выплёўваў на спецыяльна падстаўлены лёкаем срэбны паднос. Драгуну Пранцішу Вырвічу, які аніяк не чакаў падобнага гасцявання, ад такога відовішча і насцярогі таксама кавалак СКАЧАТЬ