Чужая бацькаўшчына. Вячаслаў Адамчык
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Чужая бацькаўшчына - Вячаслаў Адамчык страница 9

СКАЧАТЬ хлопцы.

      У хаце яшчэ ўсё не запальвалi лямпу. Цiш мяшалася з цемнатою. I толькi чуваць было, як некаторыя з дзявок пацiхеньку прасiлiся ў хлопца:

      – Ах, божа, пусцi! Цi чуеш, пусцi…

      А потым, лiпка прыстаўшы, ляснула рука, мусiць, па чужой.

      – Каб ты не даждаў! – раптам закляла i падхапiлася з ложка дзеўка.

      Але вось нехта шлупаўся ў сенях, вобмацкам шукаючы клямку, адчыняў дзверы i ставiў з прыходу вядро – поўнае, бо чуваць было, як глухавата дзынкнуў аб яго вочап.

      – А чаму ж лямпу не запалiце? – спытаўся ў цемнаце i грукнуў, зачыняючы дзверы, стары Корсак. Ён ужо, мусiць, накармiў скацiну.

      Аднекуль з кутка выйшла Хрысця. Напроцi акна было вiдаць, што ў яе раскалмацiлiся нiзка падрэзаныя валасы. Падступiўшыся, зняла лямпу i панесла пад акно – выцiраць закуранае шкло i падлiваць газу.

      Зарыпелi ложкi – дзеўкi церабiлiся ў хлопцаў з рук.

      Жмурачыся ад лямпы i кругом сябе абгладжваючы сукенкi, беглi да сваiх праснiц: брыдка ж прыйсцi дахаты з пустою шпуляю цi голым верацяном.

      Iзноў пачыналi рыпець панажы ў калаўротках, фыркалi, ганяючы вецер, шпулi, мiгцелi колы, зноў круцiлiся, спадаючы да зямлi, верацёны, i белыя ад слiны i абшморганыя нiткай пальцы ўсё скублi i скублi, торгаючы, шары дым кудзелi.

      Самым прыцемкам, разапрэлыя, з рагамi поту на шчоках, каля вушэй, у хату яшчэ ўвальвалiся дзецi – адразу цэлаю плоймаю. Цяжка саплi i аддыхвалiся, збiўшыся каля парога i хаваючыся адно за аднаго, каб не пазналi.

      Але хто-небудзь з хлопцаў, болей зухаваты, спадцiшка расшпiльваў папругу, вышморгваючы яе з порткаў.

      – А вас хто клiкаў? – пытаўся ён i складваў у дзве столкi папругу.

      Учуўшы, як дзынкае спронжка, дзецi хлынулi назад, у сенi, i, зачапiўшыся за парог, пападалi адно на аднаго – i тут ужо па iхнiх спiнах, як па мяшках з мякiнаю, вухкала папруга.

      Падхапiўшыся i не зачынiўшы дзвярэй, дзецi ўцякалi на двор i адтуль, ужо зманваючыся, рагаталi. Толькi той, па кiм сцебанула, быдта гарачым жалезам апякла шыю, папруга, адышоўшыся ўбок, мацаў балячае месца i цiха, каб нiхто не чуў, плакаў.

      А давольны кавалер стаяў на парозе, падпяразваў, падтрасаючы, порткi i яшчэ страшыў, мусiць, каб чулi дзяўчаты:

      – Я це пакажу!

      Дзяўчаты, сцiшыўшыся, маўчалi, пэўна думаючы, што i сам ён не надта далёка адышоўся ад такiх, бо цi даўно на вечарынках сыпаў на падлогу бубкi з палыну: калi iх разатруць, расшаруюць, гуляючы, – у хаце аж не дыхнуць ад гаркаты, як ад атруты.

      А тая з дзявок, што надоечы, мусiць, сварылася з iм, раптам крыкнула, не ўтрываўшы:

      – Хату зачыняй!

      Па нагах з сяней цягнула холадам.

      – Пачакай, хай порткi падцягне, а то звалiлiся, пэўна, – азваўся нехта з хлопцаў з-за белае высокае плiты.

      – I праўда духата, учадзець можна, – агрызнуўся зухаваты, але дзверы зачынiў.

      – Гы-гы-гы, – зарагатаў нехта i раптам змоўк – вiдаць, закрыў рот рукою.

      За СКАЧАТЬ