Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов страница 3

СКАЧАТЬ * *

      Соня пад’язджала глядзець на сваё новае жытло, яшчэ калі ў доме ішлі абліцовачныя работы. Пад нагамі шкамуцела будаўнічае смецце. Свежы пыл зацярушыў навюткае шкло квадратовых вокнаў; пакрыў шэранню каляровы глянец кафлі. Карцела падняцца на свой паверх, зазірнуць у кватэру, а то і пастаяць на гаўбцы, паўглядацца ў краявіды. Так агоркла ўжо тулянне па інтэрнацкіх заканурках за пяцігоддзе жыцця ў сталіцы. Усяленне ў новы дом планавалася на вясну наступнага года. У гэтым быў пэўны знак. Вясна распачынала новы парадак, і ў Сонінай галаве складаўся новы расклад на жыццё. Хацелася б усё пачаць ад чыстага аркуша, адпрэчыцца ад уласных забабонаў, старых дачыненняў. Яна прагла адчуць сябе вольнай ад сваяцкіх надакучлівых умяшальніцтаў ва ўласнае жыццё, дакорлівых поглядаў бабкі Ядзі, адчужанасці старэйшай сястры. Калісьці вялікая іх сям’я цяпер здрабнела ды патроху расцярушылася па свеце. Бацькі ўжо не жылі, і Соня сапраўды адчувала сябе засохлым карэньчыкам, ну хоць бы і шыпшыны, але ж жухлай, змарнелай, без цвету і водару. Баба Ядзя жыла непадалёк ад Менску, але бачыліся яны гады ў рады без імпэту і асаблівай цеплыні. Чаму? Часам Соні здавалася, што бабка мелася штосьці паведаць ёй, вачыма клікала бліжэй да сябе ды, здаецца, з гадамі губляла і розум, і памяць. У рэдкія апошнімі гадамі сустрэчы пыталася пра неістотныя для Соні рэчы, змаўкала ці-то спявала паціху нешта пра далёкую рэчку Дунай. Таму ў Заслаўе Соня ездзіла ўсё радзей і радзей.

      Якая яна была, тая Соня? Няпэўныя рысы, размытае ўражанне. Яе ўнутранае жыццё, думкі неяк не супадалі з тварам, унікалі яго. Адбывалася разыходжанне, збівалася рэзкасць, губляўся фокус. Нібы яна і тут, а праявіць сябе, заявіць сваю прысутнасць не ў стане. Ходзяць дзве такія Соні на паўкроку адна ад адной. Усё мусіла перамяніцца з пераездам у новае жытло! Жыццё – нанова! Трэба было павыкідваць з галавы замшэлыя, слізкія камяні сумненняў, як бы вызваліць на волю з запруды хуткую плынь, павымятаць павуту сваіх ды чужых жахаў. Вызваліць душу для чагосьці сапраўды вартага.

      Дом сустрэў першых жыхароў амаль у поўным маўчанні. Дзверы не рыпелі і не ляпалі, вецер загразнуў недзе звонку, не галосячы звыкла ў трубах. Адно гучна крапала недзе вада, быццам з незакручанага як след крана. Першыя ж гукі галасоў, што вымаўляліся пад час неабходнага знаёмства суседзяў на лесвічных пралётах, прагучалі як бы знутры якой студні – голасна, вільготна, з ледзь чутным водгуллем рэха. Соня была рада прычыніць за сабой дзверы ўласнай кватэры, бы адрэзаць кавалак таго густога калідорнага паветра, у якім як у ваце патанулі галасы будучых суседзяў па пляцоўцы.

      Шпалеры для свайго пакоя Соня выбрала белыябелыя. Калі ўжо з новага аркуша, дык з самага чыстага! Хопіць азірацца. Тут у высотным доме так вабіць далячынь, якая праглядаецца ва ўсіх трох вокнах яе кватэры, яе хуткаснага лайнера пасярод аблокаў! Далей ад свайго мінулага жыцця, прэч насамрэч! І чым хутчэй, тым лепей. Каб заквітнець буйным цветам, трэба пусціць новыя карані, не СКАЧАТЬ