Название: Імя грушы
Автор: Сяргей Балахонаў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 985-6701-87-2
isbn:
Павел, што надзьмуўся, як мыш на крупы ад майго непрыхаванага какецтва з Вайніславам, быў агаломшаны і толькі прашаптаў:
– Вайніславе, гэта справы палітычныя. Лепш пра іх не прамаўляць. І тыя і другія раз’юшыцца могуць.
– Ніхто не адкажа, – улучыўся ў гаману Людвік Ляхоўскі, – ці няма шпегавання за намі. Філарэты гадоў трыццаць таму таксама збіраліся. Пра дабрачыннасць ды асвету для краю разважалі. Збіраліся. І дазбіраліся… За Уралам, канечне, людзі ё, але мне чамусьці іх не хочацца бачыць. Ссылка штука паганая.
– Філарэты пілі малако за Крывію, а гарэлку з мёдам за Польшчу, – нібыта між іншага выдаў Славачка.
– Вы толькі не сярдуйце, – звярнулася да яго Ірэна Галавацкая. – Мо’ чулі, што ў Полацкай акадэміі мэханічная гаваркая галава была? Дык вы, як бачу дужа да яе характарам прыпадабняецеся.
Майму гневу не было межаў. Што яна сабе дазволіла? Абразіла, зняважыла харашэнькага-разумненькага Славачку. Параўнала з якімісьці механізмусамі… Тады ў маіх думках такія словы скакаць сталі, што і прыпомніць сорамна. Ажно не верылася, што я іх трымала ў памяці сваёй. Але навочна я аніяк успратэставаць не магла.
Пасля ўсяго мой мілы ўзяўся-такі мяне ўшчуваць за празмерную сваволю ў словах пры звароце да Вайніслава. Я адсмейвалася і завірала яму вусны бусямі. Усё ж нам было добра. Але думка пра існаванне зусім блізка такога чалавека як Вайніслаў Боўт пачынала сушыць мяне і шторазу часцей а часцей. Заісце – нявызнаным ёсць тор кахання. І мне давялося баяцца. Баяцца і хавацца ад усяго на свеце, каб змаўчаць наяўнасць тут і цяпер чагосьці іншага, нестасоўнага з агульнымі ўяўленнямі. Было абсалютова неверагодна знаходзіцца ў пачуццёвай кругаверці. Адчуваць агонь жадання да аднаго мужчыны, але часіны бавіць з іншым. Сніць недазволенае цэнзураю і прачынацца з вільготным улоннем. Даруй, о чытачу, гэты міжвольны парнаграфізм! Я пакутвала. Я вельмі пакутвала, бо з Паўлушам у нас вобмаль спрэчак бывала. Мы і пасварыцца па-сапраўднаму не ўмелі. То ж і не зналі слодычы прымірэння. Ці мне яны да спадобы аднолькава двох сталі? Не ведаю. Шалі вагаліся. Толькі пра тое ні Паваел, ні Слава знаць былі не павінны. Але я не магла паручыцца за тое, ці не бачыў хто-колечы маіх уздыханняў.
Тым часам аб’явіўся труп яшчэ адной дзяўчыны. Казалі, што была то маладзенькая і вельмі пекная габрэйка. Ейнае аголенае растурзанае нелюдзем цела знайшлі недалёк ад упадзення Нямігі ў Свіслач. Згадаўшы праракаванні Вайніслава, я дужа пералякалася з той яскравай чартаўні, якім праменіла чароднае смяртэльнае здарэнне з асобай жаночага полу. Пэўна ніхто з ладнага ліку мяшчан не паспеў звязаць новае жахоцце з папярэднім, бо паліцыя спешліва назвала ахвяру прастытуткай, забітай сваім гаспадаром. Каго б захвалявала смерць прадстаўніцы гарадскога дна?! Спадарыня Шрэйдар, напрыклад, гідзілася гэтай гісторыі і сувора забараніла весці пра тое якія-заўгодна размовы з пансіянаркамі: «Kein word über tej мерзости». Хросная мая толькі ўздыхала і СКАЧАТЬ