Галасы (зборнік). Макс Шчур
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Галасы (зборнік) - Макс Шчур страница 3

СКАЧАТЬ як згадваеш, што ўсё насамрэч было зусім не так і што ты забыўся на самую галоўную дэталь, якая й надае ўсяму далейшаму сну глыбокі, калі не адзіны, сэнс. Чым далей разгортваецца перад табою апісанне, тым больш дэталяў прыснёнага прыгадваеш: пальцы папросту не паспяваюць бегаць па клавіятуры. Справа ўскладняецца яшчэ й тым, што дзеянне апіяту працягваецца яшчэ доўга пасля таго, як ты прачнуўся, а гэта яшчэ больш запавольвае і так невялікі спрыт тваёй (у кожным разе, маёй) пісаніны.

      Гэтым разам, аднак, усё выйшла як найлепей. Скажу без лішняй сціпласці, што я заўжды любіў дэдлайны, бо яны звычайна прымушаюць мяне сабрацца й высніць з сябе найлепшае, але тое, што мая падсвядомасць выдала мне цяпер, літаральна не паддавалася апісанню – хоць, праўда, канец канцоў і паддалося. Калі не памыляюся, такі стан, у якім я знаходжуся на працягу апошніх двух дзён, у нармалёвых пісьменнікаў называецца натхненнем. Звычайна цягам так званай серыйнай спячкі, калі прачынаешся толькі для таго, каб у часе кароткага чуйнавання запісаць свежаўбачаны сон, немагчыма прысніць яго працягу: перад табой разгортваюцца зусім новыя матывы, пераплятаюцца з папярэднімі, сціраюць і заглушаюць нядаўна яшчэ такія яскравыя дэталі, якіх ты не паспеў занатаваць, твая памяць працуе яшчэ меней надзейна, чым у будзённым жыцці. То-бок лепшае ёсць ворагам добрага і ў свеце сну: лепшым у ім аўтаматычна здаецца апошняе, хаця гэта не заўжды так. Аднак цяпер творчы працэс нагадваў хутчэй школьную дыктоўку: я прачынаўся, занатоўваў частку сну, перачытваў, правяраў граматычныя памылкі, ставіў кропку разам з тым, як прымаў чарговую дозу опіуму, і зноў клаўся працаваць, каб прысніць наступную частку, не забыўшыся ні каліва з таго, што адбылося ў папярэдняй. Такім чынам, за нейкіх тры дні на вёсцы я пражыў насамрэч ці не тры тыдні – натуральна, у сне. Калі б які-небудзь Джэк Керуак замест таго, каб апісваць на працягу некалькіх сутак свае банальныя прыгоды на амерыканскіх дарогах, з тым жа імпэтам аддаўся фіксацыі сваіх сноў, у яго мог бы выйсці сапраўдны шэдэўр. А так…

      4

      Я знаходжуся ў Празе. Мне трэба тэрмінова, літаральна да заўтра, зняць нейкі дакументальны фільм. Здымкі адбываюцца ў інтэрнацкім пакоі, галоўны герой – пажылы чалавек, нешта апавядае на камеру. Пасля інтэрв’ю я нагадваю яму, што заўтра мы павінны дазняць ягоную сустрэчу з Бонды, чалавек абяцае прыйсці, ён нібыта добра ведае Бонды асабіста. Я нечувана рады такому поспеху. Выходжу на вуліцу, на дварэ вечар, аранжавае сонца яшчэ не зайшло. Мне трэба ісці дамоў – замест гэтага я пастанаўляю пайсці ў горад, дзе знаходзіцца адзін добра вядомы мне бардэль. Узняўшы на развітанне галаву, у акне сваёй кватэры на восьмым ці дзявятым паверсе я бачу на фоне жоўтага святла ў кухні сілуэт сваёй дзяўчыны. У думках я развітваюся з ёю, а сам хаваюся за рогам дома насупраць, спадзеючыся, што яна мяне не заўважыць. Урэшце, здымкі скончыліся раней, чым было запланавана, я паспею яшчэ схадзіць у горад і вярнуцца. Пазней магу ёй пазваніць, папрасіць прабачэння, што затрымаўся.

      Я кіруюся на поўдзень, удоўж ракі. У тых раёнах ніхто не ведае мяне, бо я завітваю туды рэдка, таму ніхто не здагадаецца, СКАЧАТЬ