Название: Галасы (зборнік)
Автор: Макс Шчур
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-45-2
isbn:
5
– Капут, – канстатаваў Замоўца, адпускаючы рукой маю галаву, што бязгучна апусцілася на клавіятуру, ад чаго манітор зноў весела заміргаў па-над мною сваім прастакутным німбам, і мой погляд мімаволі адлюстраваў дробныя літары недапісанага тэксту. – То-бок капец, я хацеў сказаць.
– Маем тое, што ён нам вінаваты? – запытаўся ягоны Напарнік.
Замоўца зірнуў на экран, прабегся вачыма па радках і скрушна пакруціў галавой.
– Трасцы, – вылаяўся ён. – У прынцыпе, няблага, але ў параўнанні з тым апошнім сном, які яго забіў, – мабыць жа, абы-што… Як заўжды, найлепшае пакінуў сабе. Эх, не варта было выдаваць яму опіум…
– А я вам казаў, – уставіў Напарнік, – што ён перадазнецца.
– Наступным разам кажы гучней, – вызверыўся Замоўца. – Хадзем адсюль.
Экзекуцыя
Вёска пазбаўляе духоўнага чалавека ўсяго і не дае яму (амаль) нічога… яна штораз духоўна яго спусташае і ўрэшце знішчае.
Тук-тук-тук-тук.
Тук-тук-тук.
Тук-тук-тук-тук-тук-тук.
На вёсцы мяне штодня абуджае мой даўні таварыш – дзяцел. Гэта нашмат горш за будзільнік – той ільга прынамсі выключыць, нават услепкі, у стане паўсну. З дзятлам зрабіць немагчыма папросту ні халеры. Ён відавочна ўпадабаў драўляны кавалак страхі проста над маёй галавой, і хоць ты яго забі, але ён заўсёды будзе вяртацца штораніцы на тое самае месца, у адзін і той жа час. Здаецца, з дапамогай азбукі Морзэ дзяцел імкнецца паведаміць мне штосьці важнае. Альбо проста хоча прадзяўбціся скрозь дрэва да маёй галавы, каб выкалупаць з яе апошнія мазгі. Падазраю, што, калі так станецца, ён будзе расчараваны – яму не будзе асабліва чым пажывіцца.
Каторая гадзіна? Гэтае пытанне я задаю сабе цалкам аўтаматычна, нягледзячы на тое, што яно мяне зусім не цікавіць. Дый чаму яно павінна мяне цікавіць? Каб даведацца, колькі я спаў? Я ведаю колькі – доўга. Таму мне, шчыра кажучы, нават боязна зірнуць на будзільнік. Зрэшты, адсюль яго не відаць. Дакладней, відаць, але я не бачу стрэлак – у мяне слабы зрок. Канец канцоў, якая розніца, каторая гадзіна? Што гэта мяняе? Хіба нейкая лічба можа прымусіць мяне ўстаць?
Вось ужо некалькі месяцаў, якія здаюцца тыднямі, я замкнёны ў гэтай кватэры. Не, мяне ніхто не замыкаў – я сам замкнуўся. Зрэшты, маню – замыкаў. Замкнула жонка, пасля таго як сышла. Памятаю яшчэ, што мая годнасць не дазволіла мне затрымаць яе.
Я разышоўся з ёю нейкі час таму, на дзень святога Валянціна, так бы мовіць, зрабіў сам сабе і ёй падарунак – гэта СКАЧАТЬ