Название: Marginalis
Автор: Кiрыл Стаселька
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7140-21-3
isbn:
– Сябры, – працягнула пісклявым голасам пацешная дзяўчына, – нам трэба падзяліць паміж сабой абавязкі. Перш за ўсё, вызначыць, хто будзе займацца прыгатаваннем ежы, інакш мы тут памром з голаду. Прапаную ўсё рабіць па чарзе, усталяваць графік дзяжурстваў.
Не паспела яна скончыць фразу, як зноў падняўся гул. Адзін спрабаваў перакрычаць другога. Натоўп падзяліўся на тры часткі. Першыя абураліся, спрачаліся або прапаноўвалі іншыя ідэі. Другія спрабавалі суцішыць першых, каб усе выказваліся па чарзе, а не адначасова. А трэція моўчкі, з лёгкай пагардай назіралі за першымі і другімі. Праблема была нават не ў тым, каб вызначыць саму чарговасць дзяжурстваў, а ў тым, каб дамовіцца, якая група будзе гатаваць першай.
Крыкі працягваліся яшчэ каля гадзіны. Многія сталі разыходзіцца, каб перачакаць, пакуль хто-небудзь пра штосьці здолее дамовіцца. Той, хто быў хітрэйшы, адразу ж накіраваўся на склад з правіянтам, каб самастойна спатоліць голад. Калі хітрасць раскрылася, рэштка галоднага натоўпу таксама кінулася на склад у надзеі сцягнуць хаця б запасы хлеба, тушонкі і гародніны. Падобны гармідар немінуча выклікаў крыкі, лаянку ды ў канчатковым выніку цісканіну і бойкі.
Сяброўскія зносіны яшчэ не паспелі ўсталявацца, як некаторыя ўжо нажылі сабе асабістых ворагаў. Рэшта дня прайшла ў атмасферы сораму і злосці кожнага на ўсіх астатніх за тое, што адбылося і за няздольнасць дамовіцца. Але ў большай ступені пра сябе казалі голад і сінякі. Адны бавілі час у адзіноце абстаноўкі свайго пакоя, іншыя маленькімі групкамі ліхасловілі, вінавацілі сваіх таварышаў па няшчасці і ўрэшце спрабавалі сваімі сіламі знайсці рашэнне сітуацыі, якая склалася.
Бліжэй да трох гадзін справа пачала прасоўвацца, калі адна з груп узяла ініцыятыву ў свае рукі. Дзесяць жыхароў аднаго з баракаў, папярэдне ўсё абмеркаваўшы і склаўшы прыкладны план дзеянняў, накіраваліся да групы з суседняй хаты з мэтай падзяліцца ўласнымі ідэямі і заручыцца падтрымкай суседзяў. Паступова ініцыятыўная група пачала абрастаць новымі членамі. У канчатковым выніку яна ўключыла ў сябе дваццаць восем чалавек.
Дваццаць восем хлопцаў і дзяўчат яшчэ некаторы час абмяркоўвалі дэталі, пасля чаго адправіліся склікаць жыхароў баракаў на агульны сход у сталовай, каб прадставіць распрацаваныя імі графікі дзяжурстваў. Каб пазбегнуць паўтарэння сітуацыі, калі ўсе пачалі крычаць і спрачацца, прадстаўнікі ініцыятыўнай групы перад запрашэннем на сход знаёмілі моладзь са сваімі ідэямі паасобку, спрабуючы заручыцца асабістай падтрымкай кожнага. Былі, вядома, як заўсёды, і нязгодныя, але ў цэлым большасць ухваліла разумнасць прапанаванага.
Каля дзесяці вечара пачаўся агульны сход у сталовай. СКАЧАТЬ