Маска Чырвонае Смерці (зборнік). Эдгар Алан По
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Маска Чырвонае Смерці (зборнік) - Эдгар Алан По страница 37

СКАЧАТЬ што рука містэра Вальдэмара больш не падпарадкоўвалася маёй волі. Марна спрабаваў я прымусіць яе рухацца. Адзіным паказнікам месмерычнага ўздзеяння заставалася дрыжанне языка кожны раз, калі я задаваў містэру Вальдэмару пытанне. Здавалася, ён спрабуе адказаць, але не мае для гэтага дастаткова сілы волі. Да пытанняў, задаваных іншымі, ён заставаўся неадчувальны, хаця я і спрабаваў стварыць паміж ім і кожным з прысутных гіпнатычную сувязь. Думаю, цяпер я паведаміў усё, што можа даць уяўленне пра стан загіпнатызаванага на той момант. Мы знайшлі новых сядзелак, і а дзясятай я сышоў разам з абодвума медыкамі і містэрам Л-лам.

      Апоўдні мы зноў зайшлі паглядзець на пацыента. Ягоны стан заставаўся нязменным. Мы пачалі абмяркоўваць мэтазгоднасць і магчымасць абудзіць яго і хутка пагадзіліся, што нічога добрага мы гэтым не дасягнем. Да гэтага моманту было бачна, што смерць (ці тое, што мы звычайна называем смерцю) была, дзякуючы гіпнозу, прыпыненая. Нам здавалася відавочным, што абуджэнне містэра Вальдэмара прывядзе да імгненнага ці, прынамсі, хуткага скону.

      З таго часу і да канца мінулага тыдня – цягам амаль сямі месяцаў – мы кожны дзень наведваліся да містэра Вальдэмара, часам у суправаджэнні медыкаў ці проста сяброў. Увесь гэты час стан загіпнатызаванага заставаўся такім, як я ўжо апісаў. Пры ім нязменна знаходзіліся сядзелкі.

      Мінулай пятніцай мы канчаткова вырашылі пабудзіць яго ці хаця б паспрабаваць гэта зрабіць, і менавіта (ці магчыма) няўдалы вынік гэтае спробы выклікаў столькі спрэчак у розных колах і столькі неапраўданых, на маю думку, усеагульных хваляванняў.

      Дзеля таго каб вывесці містэра Вальдэмара з гіпнатычнага трансу, я выкарыстаў некалькі звычайных пасаў. Некаторы час яны не давалі ніякіх вынікаў. Першай прыкметай выхаду з трансу было частковае апусканне райка вока. Асаблівую ўвагу мы звярнулі на тое, што апусканне зрэнкаў суправаджалася моцным выдзяленнем з-пад павекаў жаўтаватай сукравіцы з вельмі непрыемным пахам.

      Мне параілі пачынаць, як і раней, уздзейнічаць на руку пацыента. Я паспрабаваў і пацярпеў паразу. Тады доктар Ф. пажадаў, каб я задаў пытанне. Я спытаў:

      – Містэр Вальдэмар, вы можаце расказаць нам цяпер пра вашыя пачуцці ці жаданні?

      На шчоках імгненна з’явіўся сухотны румянец, язык у роце задрыжаў ці, хутчэй, шалёна закруціўся, хаця сківіцы і вусны засталіся такімі ж цвёрдымі, як і раней, і ўрэшце той самы вусцішны голас, які я апісваў вышэй, прамовіў:

      – Богам прашу!.. хутчэй!.. хутчэй!.. усыпіце мяне!.. ці хутчэй… абудзіце мяне!.. хутчэй!.. кажу ж вам, я мёртвы!

      Я дарэшты страціў усе свае сілы і імгненне вагаўся, не ведаючы, што рабіць. Спачатку я паспрабаваў зноў усыпіць пацыента, але, не здолеўшы зрабіць гэта праз поўнае аслабленне волі, пайшоў у адваротным кірунку і пачаў з усяе моцы яго будзіць. Я хутка зразумеў, што спробы мае прывялі да поспеху, – прынамсі, тады мне ўяўлялася, што поспех мой канчатковы, – і быў упэўнены, што СКАЧАТЬ