– Калі млосна, не цярпі, засунь два пальцы ў рот – паможа.
І пайшоў сабе.
На дварэ нікога ўжо не было. Адзін стары Карпа шкрабаў сухім, сцёртым да таго, што акурат у руку ўзяць, венікам каля сцяны і пры ганку, зграбаў брудначырвоную кашу ў кучку…
Чуб моўчкі сабраў у абярэмак вінтоўкі, падаўся на вуліцу.
Натоўп вяскоўцаў сабраўся каля плота насупраць Карпавай хаты, па той бок вуліцы, – стаялі, ціха перагаворваліся, бы ў чаканні звычайнай будзённай хаўтурнай працэсіі, пазіралі, як Гнат загадзя ачышчае, прыбірае задок падводы, скідваючы проста долу мяшкі і кошыкі, як пасцілае падон паловаю брызента – другая звесілася з воза да зямлі; як чырвонармейцы, іхнія нядаўнія рабаўнікі, упэўненыя ў сваёй сіле і беспакаранасці, а цяпер пакорлівыя і безадказныя, выносяць і ўзвальваюць на падводу сваіх нежывых таварышаў… Узвалілі, Гнат прыкінуў трупы брызентам, паправіў неастылую яшчэ, падатлівую нагу, што высунулася праз дзірку драбіны, тую самую нагу, з расквашаным мокрым чаравікам, з доўгай, на бінт падобнай, абмоткаю.
Дарослыя – пабольшасці старыя дзяды і кабеты, стаялі спаважна, са скрушнымі тварамі, як і належыць добрым людзям у такіх выпадках – калі выносяць нябожчыка. Але між імі увесь час круціўся, аж прытанцоўваў на месцы хлапчынка гадоў дзесяці, крэпенькі, чырвонашчокі, бы снягір, у валёначках і ў вялікай, непаразмернай яму шапцывушанцы. Шапка ўвесь час спаўзала на вочы, ён падбіваў яе знізу даланёю і шморгаў носам. Было відаць, як круціць яго ўсярэдзіне, як так і прэ з яго жаданне выпаліць вось зараз гэтым дзядзькам і цёткам нейкую важную, аднаму яму вядомую тайну…
– А гэта ж я, далібог я! – не вытрымліваў тады і азіраўся, шукаў вачыма такую ж, як сам, крэпенькую, зграбную, чырвонашчокую дзяўчыну, нізка, па самы лоб абвязаную хусткай«канаплянкаю», як бы ўжо яна была дарослай маладзіцаю. – Праўда ж, Лізка? Ну, скажы!
У яго звонкім, дрыготкім ад уласнае смеласці голасе былі і дзіцячая неразумная пахвальба, і нецярпячка, і боязь, страх нават, што яму не павераць, смяяцца пачнуць або яшчэ прагоняць адсюль…
– Далібог, не хлушу! – сцягваў шапку і жагнаўся з наіўнай шчырасцю, як і ўсе бязгрэшныя дзеці. – Дзядзька Мікола, дзядзька Гнат – ну, скажэце!.. Праўда ж?
– Праўда, праўда, – пацвердзіў дзядзька Мікола, чамусьці без заўсёднага свайго смеху. Як і Гнат, як і абодва Карпавы сыны, ён быў мясцовы і добра ўсіх ведаў. – Ты ў нас гірой, Васілько, – няўмела пахваліў малога, – сапраўдны гірой!..
Крэпенькая зграбная дзяўчынка, яшчэ больш чырванеючы, не падымаючы вачэй, ціха ўсчувала “гіроя”:
– Маўчы, тут жа людзі стаяць… Бяжы дамоў ужо, пагрэйся на печы – вунь смаркачы папусціў!..
Але дзе там, акрылены Міколавай пахвальбою малы нічога і слухаць не хацеў.
– Я прама гародамі – отамаво, пабег, крычу: дзед Карпа, Дзяніс, СКАЧАТЬ