Название: Нічые (зборнік)
Автор: Андрэй Федарэнка
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Беларуская проза XXI стагоддзя
isbn: 978-985-02-1071-5
isbn:
Зусім развіднела. Кастры на плошчы свяціліся яркачырвонымі плямамі, балюча было глядзець на іх.
Жаўрыд падняў руку:
– Так, усім строіцца! Цывільным – ачысціць плошчу! – нават не крыкнуў, а проста сказаў гучней.
Але ўсе пачулі. Натоўп на нейкі час прыйшоў у хаатычны, бязладны рух, пачаў дзяліцца, рассыпацца, аж хутка ўпарадкавалася ўсё, вайскоўцы, пастроіўшыся, засталіся на плошчы, а семежаўцы, і разам з імі палонныя і перабежчыкі, сышлі збоч, да царквы, і пазіралі адтуль.
– Грамада! – нейтральна звярнуўся Жаўрыд. – Грамада, выступ мой будзе кароткі – гаварыць цяпер дужа не выпадае, час не церпіць! Я ў дзвюх словах абрысую нашае цяперашняе становішча…
(«У дзвюх словах!», – іранічна шапнуў Мірановічу доктар Паўлюкевіч.)
– … Абрысую нашае цяперашняе становішча, а яно, запабягаючы наперад, як ніколі нам спрыяе! Бог нарэшце павярнуўся тварам да нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны! У Рызе нарэшце падпісана гэтак званая папярэдняя «мірная дамова», – драпежнікі зноў падзялілі авечку, само сабою не пытаючы яе згоды на тое! Аб нас, беларусаў, чарговы раз выцерлі ногі! Але нам не прывыкаць – хай! Хай думаюць, што і гэтым разам усё сыдзе ім з рук! Хай яны сабе б’юцца, хай сабе мірацца – мы ж спакойна будзем збіраць сілы, рыхтавацца, аж покуль не вымецем з нашай зямлі і тых, і другіх. Будзьма разумнейшыя, будзьма старацца знайсці сабе выгоды і з гэтай «рыжскай дамовы» таксама! А выгода найперш тая, што і бальшавікі, і палякі спыніліся: палякі – за Ланню, бальшавікі – на такой прыкладна лініі: Леніна – Вялікі Рожан – Вызна – Капыль і далей, пад Негарэлае! Ад Лані да гэтай ўяўнай лініі – вёрстаў пятнаццаць, а ў даўжыню гэтая тэрыторыя вёрстаў сто, і паводле змовы палякаў з бальшавікамі яна, гэтая тэрыторыя, аб’яўлена нейтральнай зонаю, ці нейтральным пасам, як каму падабаецца… Заходзіць ў яе ні бальшавікі, ні палякі не маюць права, а гэта значыць, што нам зроблены вельмі дарагі падарунак! У нейтральнай зоне знаходзіцца наша Семежава, Морач, дзесяткі вялікіх сёлаў і сотні вёсак і хутароў, а самае галоўнае, у Баранавічах, пры чыгуначнай станцыі, у нас будзе свая камендатура!
Жаўрыд зрабіў паўзу, правяраючы, ці правільна выбраны зачын, ці не ўхаластую ляцяць яго словы. Ён змоўк усяго на які міг, але плошча адразу ажыла:
– Гуура! – пракацілася радаснае з канца ў канец яе.
– На гэтай падуладнай нам тэрыторыі, – працягваў Жаўрыд, упэўніўшыся, што словы яго трапляць у цэль, – мы спакойна зможам дафармаваць брыгаду, раздабыць зброю і як след падрыхтавацца да барацьбы! Галоўнае, што пра нас ведаюць, ведае ўся Расія, уся Еўропа, пра нас пішуць, нам спачуваць і ў нас вераць! Нам будзе аказана ўсемагчымая дапамога… праўда, не з боку Антанты і не з боку Польшчы! Столькі, колькі ўбухала тая ж Антанта ў войска польскае, ці ў белы рух, нам, само сабою, не відаць ніколі! Тое, як нам памаглі палякі, вы ўсе таксама добра ведаеце!
– Ведаем – памаглі!
– Ганьба!
СКАЧАТЬ