Название: Сэрца мармуровага анёла (зборнік)
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Беларуская проза XXI стагоддзя
isbn: 978-985-02-1348-8
isbn:
Наступныя дні прайшлі як у тумане. Вакол Магдаліны ўтварылася нібыта кола пустэчы. Большасць аднакурснікаў пачуваліся, як блізкія пры безнадзейна хворым. Светка вінавата адводзіла позірк. Магдаліна зразумела, што распытвалі і яе. Магду не пазнавалі – уся напятая, з падцятымі вуснамі, яна нагадвала стралу, ускладзеную на тугую цеціву. І кожны стараўся сысці з ейнага шляху. Толькі Сашка Тарасаў, вечна п'яны Сашка з разбойніцкай фізіяноміяй стэпавага хана, аўтар аповесці пра тэатр ліліпутаў, дырэктарам якога насамрэч неяк пабыў – Сашкава біяграфія была надзвычай бурлівая, – перастрэў апальную аднакурсніцу на калідоры.
– Ты, дзеванька, плюнь на іх. Яны тут толькі мазгі прамываюць. А пісаць калі сама не навучышся, добры дзядзька не навучыць. Я ж таксама адсюль сыходжу. На фіг мне гэта… У іх Андрэй Платонаў двор мёў, пакуль яны лекцыі чыталі. Хочаш вінца? Не? Ну, трымай хвост пісталетам.
Былі хаджэнні па нейкіх кабінетах, зноў празрыстыя намёкі на тое, што раіў рэктар…
Урэшце – зноў кватэра нумар шэсць. Пакойчык за шчыльнымі дзвярыма. Стосы кніжак, перавязаныя шпагатам. Фотаздымкі ў каробках з-пад абутку. Ашчадная кніжка – дзвесце шэсцьдзесят рублёў зберажэнняў. І – клетка з крумкачом.
Мажны дзядзечка з партфелем – напэўна, з жыллёвай службы, – папярэдзіў Магдаліну, што ўсе рэчы належыць вывезці з дзяржаўнай кватэры ў бліжэйшыя пару дзён. І то для яе робяць палёгку з увагі на жыццёвую нявопытнасць. І Магда засталася адна.
Дзяўчына апусцілася на цвёрдую скураную канапу і нарэшце паспрабавала асэнсаваць усё, што з ёй адбылося. Аж галаву абхапіла і застагнала – ад немагчымасці ўсё вытлумачыць. Нават уласныя ўчынкі. Адчайны запал, які падтрымліваў Магдаліну гэтыя дні, згас. І яна засталася сам-н асам з такой пустэчай вакол, якую раней адчуваць не даводзілася. Нашто стары ўлез у яе жыццё?! Навошта яна ўвязалася ў важданіну з непатрэбнымі паперамі і паламанай мэбляй? І яшчэ гэты крумкач…
Карл Карлавіч, нібыта адчуў ейны настрой, таксама за-хрыпеў-застагнаў, заварушыў крыламі… Магда схамянулася – ён жа, мабыць, галодны… І ў гэтай цеснай клетцы… Крумкач нязграбна ступіў на падлогу. Магда аддала яму палову булкі, наліла ў кубак свежай вады і зноў бяссіла апусцілася на канапу.
– Што ж нам з табой рабіць, Карл Карлавіч?
Карл Карлавіч яшчэ раз стукнуў моцнай дзюбай з наліплымі хлебнымі акрушынкамі ў падлогу і таксама натапырыўся, скурчыўся, нібы чорны мніх ад смяротнага грэху. СКАЧАТЬ