Название: Сімъ побѣдиши
Автор: Алесь Пашкевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7057-16-0
isbn:
Сілаў узняць жалезнае кольца і пастукаць ужо не засталося. «Дзякуй табе, Божа», – вымавіў ці падумаў манах – і страціў прытомнасць.
Першымі яго заўважылі рыбакі, якія прывезлі з Салонікаў муку і воск. Яны занеслі старога за манастырскія сцены, паклалі ў цень кіпарыса ды паведамілі ігумену Нілу. Калі той прыйшоў, манах ужо агоўтаўся ды радасна глядзеў на царкоўны крыж.
– Брат Філафей?.. Вітаю цябе, богалюбівы сябар! Пасля нялёгкай дарогі зрабі ласку: будзь госцем у маёй келлі, – ігумен азірнуўся на маладога келейніка, каб той дапамог, але стары манах нечакана ўпаў да іхніх ног.
– Эвлагітэ (Дабраславіце)! – прашаптаў ён традыцыйнае афонскае прывітанне, перахрысціўся і пачаў прасіць даравання, але словы патаналі ў перасмяглай глотцы.
– О Кірыёс (Гасподзь дабраславіць), – крыху збянтэжыўся ігумен. Ён паслаў келейніка па ваду і паспрабаваў падняць старца Філафея, але той зноў лёг на зямлю і апантана зашаптаў:
– Паляць цела маё грахі непагасныя, каменнямі іхнімі рукі й ногі абцяжараныя, і няма мне даравання за тое, што выпрасіў я ў Бога скіт высокі – ды пакінуў яго…
Слёзы цяклі па худых шчоках, па старэчых маршчынах, па крывавых драпінах. У сівую бараду ўблыталіся некалькі сухіх лістоў айвы і алівы: пячора Філафея была ў Каруле, найвысокім і найсуровым афонскім месцы…
Ігумен Ніл прысеў да старца і пачаў гладзіць ягоны хітон, правільней – тое, што засталося ад яго пасля доўгага пустэльніцтва. Філафей – ягоны папярэднік на ігуменстве, дванаццаць гадоў таму падаўся ў пустэльніцкі скіт – і з’явіўся нібыта з іншага свету…
Прыбег келейнік. Хоць Філафей і не піў ужо трое сутак, але вадзе не абрадаваўся: зрабіў тры невялікія глыткі ды аддаў карэц. І, укленчыўшы, загаварыў гучней:
– Як вучыў айцец Іаан, Сінайскі ігумен: пакінуўшы людскі свет, больш не дакранайся да яго, бо страсці зручна зноў вяртацца. Маліцеся, браты мае ў Хрысце, каб страсці тыя мной зноў не апанавалі…
Ігумену і келейніку ўдалося ўзняць манаха з каленяў ды адвесці ў трапезную. Але і ад сціплай манастырскай ежы ён адмовіўся:
– Не магу я сыціць цела, не спатоліўшы перш душу малітваю, а вочы – сузіраннем святых іконаў. Пакіньце, браты любыя, мяне ў адзінотнай малітве, а потым я распавяду вам аб прычыне майго прыходу…
Філафей так і не ўвайшоў у царкву: як укленчыў перад каменнымі прыступкамі, так і сам скамянеў на ўвесь астатні дзень. Вусны дрогка шапталі словы да Усявышняга, а вочы – па ранейшаму глыбокія і маладыя – іскрыліся слёзнай мілатою ды глядзелі некуды наперад праз царкоўныя сцены, праз час і прастору…
Стук драўлянай калатухі абудзіў яго. Была сярэдзіна начы, і манахаў звалі на службу. Афон пачынаў малітву за дабрастаянне свету, і Філафей разам з усімі, але апошнім, увайшоў у храм. Усё ахутваў змрок, толькі мігцелі пад іконамі некалькі цьмяных лампадак. Але ён памятаў тут кожную пядзю…
Прачыталі СКАЧАТЬ