Название: Разламашкі майстра Люфта (зборнік)
Автор: Кацярына Мядзведзева
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Сказки
isbn: 978-985-90377-2-6
isbn:
Мая сястра Аліса, захлынаючыся слязьмі, толькі прыгажэе: скура свеціцца, становіцца ружовай, вочы робяцца з шэрых ярка-блакітнымі і блішчаць – залюбуешся. Я ж, паплакаўшы, больш за ўсё нагадваю вараны бурак. Звычайна мяне гэта мала турбавала, бо, нават калі б мой твар стаў фіялетавым у жоўты гарошак, усё адно б ніхто не заўважыў. Але цяпер сэр Лемюэль Грымсвотн-малодшы глядзеў на мяне так, быццам яму і праўда са мной цікава, і мне, як ніколі, хацелася быць калі не прыгожай, то хоць бы не агіднай. І я гераічна стрымала слёзы.
– Якое ў вас лёгкае вясновае імя, – сказаў ён, мабыць, спадзеючыся зрабіць мне прыемнае.
Ды ўжо ж, прыемней няма куды. Не ведаю, пра што думаў мой бацька, калі называў мяне Дэйсі Мэй. Майская кветачка. Стакротачка. Ведаю толькі, што палову вартавых сабак, як і дойных коз, у нашай акрузе клічуць роўна гэтак жа. Ідзеш па дарозе, а на абочыне твае цёзкі пасвяцца. І калі шпацыруеш па прадмесцях не ў адзіночку, а з сёстрамі ды іх кавалерамі, то абавязкова якая-небудзь цётка зычна раўне на ўсю вуліцу: «Фані, ты падаіла Дэйсі Мэй?» ці з чужога двара данясецца зласлівае гырканне і вокрык: «Дэйсі Мэй, годзе ганяць кураў, а то зноў на ланцуг пасаджу!» Самыя выхаваныя і прыстойныя кавалеры Эмы, і тыя ў падобных выпадках не маглі стрымаць смяшок, скоса пазіраючы на мяне.
– Ваша імя таксама не са звычайных, – ветліва адказала я.
Ён чмыхнуў.
– Так, мае продкі верылі ў значнасць імёнаў. Славесная магія, ну, вы разумееце, – і ён зрабіў магічныя рухі рукамі. – Маё імя – гэта волаты, генералы і нават адзін вулкан.
Калі гарбата была дапіта, а твар мой вярнуўся ад надзвычайнай бледнасці да звыклага адцення жытнёвага блінчыка, сэр Лемюэль праводзіў мяне на гандлёвую вуліцу, а потым на станцыю, і я паспяхова прывезла дахаты пэндзлі з вавёрчынага хваста, адрэз ільнянога палатна, спецыі, прысмакі… і велізарны цяжкі камень на душы.
Калі не можаш змяніць сваё жыццё – прымі яго такім, якое яно ёсць. Трыццаць гадоў я жыла спакойна, змірыўшыся са сваёй доляй, разумеючы, што нічога не змяніць. У мяне добры характар, я заўсёды імкнуся вывернуць любую сітуацыю на добры бок. Але цяпер у майго жыцця з’явіліся два левыя бакі. Як ні круці – усе вузлы наверх…
Частка 6
Прайшоў тыдзень ці два. Я старанна цягала на душы свой каменьчык – ён не станавіўся лягчэйшым, але паступова я прывыкла да яго. Сям’я нічога не заўважыла, бо я не дазваляла сабе жалобіцца на людзях ці скардзіцца. Я раскладвала сукенкі для Эмы, давязвала апошнюю пару шкарпэтак з прабабуліных клубочкаў, дапамагала бабулі палоць градкі з морквай і сушыць на зіму кроп.
Яшчэ я пазіравала СКАЧАТЬ