Название: Дыплом на царства
Автор: Аркадзь Ліцьвін
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Исторические приключения
isbn: 978-98590-371-7-7
isbn:
– Гатовы выканаць кожны загад, – адказаў Бражына і дадаў: – Абы не ў шкоду атрыманым ад вялікага канцлера, бо тыя не былі адкліканы. Гетман падняў вочы на ганца. Ведаў, што тут ані крык ані нагана непрыдатныя. Урэшце не яму падпарадкаваны. Са здольным, ведаючым сабе цану чалавекам лепшыя вынікі дасць размова як з роўным. Надзелены даверам і пашанаю крыху навырост адпрацуе шматкроць пакладзеныя ў ім спадзяванні. Спасылка на прынцыпала толькі пацвярджае гэтыя разлікі.
– Не так загадваю, як прапаную, – паведаміў гетман. – Слухай, пане—браце, і запамінай. Лічы, што гэта каралеўскі загад.
– Зраблю, што ў маёй моцы, яснавяльможны пане, – запэўніў Бражына.
– Шуйскі разбіты, – пачаў свой выклад гетман, – і ў маскавітаў няма іншага войска. І зараз трэба, каб ніхто не хацеў ісці ў апалчэнне. Дзеля гэтага дасылаю сваю адозву. І на Маскву, паспалітаму люду, і да царэвічавага войска.
Гетман нібы ўзважыў ці варта казаць наступнае, але працягваў.
– Зараз, калі баяры згодны на Уладыслава, нам цар—царэвіч са сваёй царыцай непатрэбен. І нельга, каб іх войска заступіла нам дарогу да Масквы. Асабліва самая вартасная частка, тая пад Янам Пятром Сапегам.
Нездарма ліцьвінам усвяцкага старасты гетман надаваў асаблівую ўвагу. Сутычка з імі магла зламаць увесь ход кампаніі.
– Разумею, яснепане, – пахіліў галаву Бражына. – На маю думку і цару—царэвічу самчас цягнуць на Маскву.
Гетман ухвальна зірнуў на ганца, разумее задачу, то і выканаць пастараецца. Гетман пераклаў на стале нейкія паперы і працягваў.
– Таму важна ведаць, чаго чакаць ад царыкавага войска. А пан усвяцкі староста амаль перастаў слаць паведамленні акурат тады, як яны вельмі патрэбны. Не ведаю, ці шле ён што—небудзь пану вялікаму канцлеру. Але той не таіўся б з чым важным. Можа з тваёй торбы маглі б тое—сёе даведацца…
Гетман гарэзліва прыжмурыў вока, але згледзеўшы спалох ганца, супакоіў.
– Не пужайся, пане—браце, і пальцам ніхто не крануў. Ды ты нам свяжэйшыя звесткі здабудзеш, не сумняюся.
Бражына здагадаўся, на што намёк. Па войску і нават між прыбочных царыка упарта шырыліся чуткі, ці не надумаліся баяры высунуць здатнага ваяра Яна Пятра Сапегу на царскі пасад. Несумненна і кароль і Жулкеўскі гэтым занепакоены. Раптам спакусіцца. Мае стараста такую жылку: весці за сабою. Яшчэ ў ліпені 1606 года на сесіі генеральнага кола літоўскай канфедэрацыі ў берасцейскай эканоміі прасіўся да ракашанаў пад Сандамеж. Ці не думаў узначаліць? Добра, вернае каралю войска прыгразіла смерцю і не дазволіла ад’ехаць. А пад Гузавым ужо за караля выступіў з двума харугвамі: гусарскай і казацкай. Чаму б зараз нешта падобнае не надумаў? Абставіны хутчэй спрыяльныя.
Кароль не хоча бачыць царом каралевіча Уладыслава. Шмат каму ў сэнаце не падабаецца элекцыя ў Масковіі пад ціскам войска Рэчы Паспалітай. Не да смаку несумненнае ўзвышэнне Жулкеўскага. Але ж прапусціць СКАЧАТЬ