Название: Як стаць беларусам. Сто гісторый
Автор: Севярын Квяткоўскі
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-90371-5-3
isbn:
На вачох знікалі пісьмёны на ледзяной корцы, якія для людзей ужо даўно былі пазбаўленыя сэнсу: «Камунізм», «Слава КПСС!», «Жыць у вяках!».
На аголенай зямлі пачыналі вымалёўвацца новыя словы, для многіх жаданыя: «Незалежнасць», «Адраджэнне», «Жыве вечна!».
Жаданыя, але не напоўненыя зместам. Словы, якія ўспрымаліся хутчэй інтуітыўна, бо большасць людзей папросту не мела патрэбнага досведу, каб пабачыць за гэтымі словамі штосьці, што можа мець канкрэтную вартасць.
Пакуль адныя разгублена шукалі ў талым брудным снезе рэшткі сваіх спадзяванняў, іншыя пачыналі працаваць на нанова адкрытай, ужо рыхлай, але яшчэ халоднай зямлі.
Маё, сваё, наша. Мая краіна, свая будучыня, наша справа. Як па мне, найбольшага дасягнулі тыя, хто перарос пратэст, і пайшоў далей: у шукальнікі-першаадкрывальнікі-нановастваральнікі.
Пратэст быў патрэбны як штуршок. Тыя, хто застаўся «анты-», антысавецкім, напрыклад, так і заселі ў ім нібы ў багне, зрабіўшыся сваім уласным праціўнікам навыварат.
Новая краіна прыдумлялася і рабілася па-над «анты-».
Новыя мары і новыя крокі да стварэння свайго ўласнага Дому. Масавыя пратэсты, якія пачаліся ў сярэдзіне 1990-х, – гэта акурат пратэсты супраць забароны новай мары. І знішчэння ўжо адшуканага і толькі-толькі створанага – свайго.
3. Гонар і годнасць
«А нашто вы гаворыце па-беларуску?» – такое пытанне ад суайчыннікаў можна пачуць яшчэ і сёння. Гэтае пытанне звычайна мае цэлы спектр інтанацый: ад абуранага да добразычліва-цікаўнага.
Нашто? Які сэнс? «Што я гэтую беларускую мову – у місу насыплю?» – незадаволена буркоча дзядзька з мястэчка.
Людзі, якія ў маладосці займаліся фізічным выжываннем пры Сталіне і Гітлеры, не разумелі такога вось ірацыянальнага штукарства. Ды яшчэ і марнавання часу – вучы, перавучвай.
За пару іхнага жыцця колькі разоў змянялася ўлада і ідэалогія: цар, немцы, першыя палякі, бальшавікі, другія палякі, слуцкія палкі, першыя саветы, другія немцы, другія саветы, канец сталіншчыны, адліга… І гэта ўсяго за дзве генерацыі.
Унукі тых, хто памятаў часы ад цара, перажылі росквіт/застой СССР, перабудову, крах саветаў, незалежнасць… Незразумелую.
У 1991 годзе мне было васямнаццаць гадоў. Асаблівасці жыцця і светагляду папярэдніх дзесяцігоддзяў я зведаў адно школьнікам. У асноўным у іранічным варыянце. «Сынок, – смяяліся бацькі з майго па-дзіцячы распаведзенага анекдота пра Брэжнева, – нікому не кажы. А то нас пасадзяць у турму!» Так казалі, але ўжо смяяліся. Страху не было ў іх, народжаных у апошнія гады жыцця Сталіна.
Як многія тысячы беларусаў, я быў шчаслівы і ганарыўся тым, што мы атрымалі сваю краіну, ды яшчэ з нацыянальнай сімволікай, пра якую масава дазналіся толькі за тры гады перад тым – на Дзяды 1988 году.
Было адчуванне, што наперадзе вялікая і цікавая праца.
4. Любоў
СКАЧАТЬ