Название: Шал (зборнік)
Автор: Юры Станкевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Другі фронт мастацтваў
isbn: 978-985-6906-88-9
isbn:
Еву, між тым, заносіла. Яна выпіла яшчэ шампанскага, схапіла гітару і заспявала нешта ў стылі панк-року, падробліваючыся пад вядомую спявачку. Хлопцы шчодра ўзнагародзілі яе апладысментамі і адабральнымі воклікамі. Дзяўчаты прамаўчалі, красамоўна крывячы вусны і раз-пораз пераглядваючыся. Двое з іх, якія прыйшлі сюды з Андрэем і Міхасём, пашапталіся ў куце, а потым дэманстратыўна апрануліся і, выклікаўшы таксі, з’ехалі.
Тым не менш, вечарынка ўсё яшчэ працягвалася. Андрэй выклікаў Міхася за дзверы і прапанаваў таму пакінуць Еву ў спакоі. Міхась не згаджаўся.
– Разбярэмся рэальна, – урэшце прапанаваў Андрэй, – кінем, скажам так, жэрабя.
Ён вынуў запалкі, аддзяліў дзве, адну пераламаў напалам і заціснуў у руцэ.
– Выцягнеш даўжэйшую – дык ты праводзіш дзяўчыну.
– Цягнуць твае трэскі не збіраюся. Яна і без таго са мной пойдзе.
– Гэта яшчэ чаму?
– А таму, што я так хачу, – абвастрыў сітуацыю Міхась.
Андрэй коратка размахнуўся і ўдарыў Міхася кулаком у твар. Той паспеў ухіліцца і таму не толькі збярог свой знешні выгляд, а і адказаў саперніку «фронт-кікам» у жывот. Пачалася бойка.
Дзяўчаты, між тым, збіраліся. Студэнт Стась зазірнуў у калідор: самы раз было выкрадаць Еву. Ён лічыў сябе найбольш хітрым і разумным у гэтай кампаніі, у якой шмат хто, на яго погляд, «тырчэў з зямлі».
Стась спусціўся ўніз і пашукаў вачыма Еву, але нечакана дзяўчаты ўзнялі гвалт, бо якраз разнімалі тых, хто біўся. Урэшце ён адшукаў яе. Ева выцягнула з сумачкі люстэрка і падфарбоўвала вусны. Раптам люстэрка выпала і разбілася. Ева захіхікала.
– Стасік, – сказала яна, – вось я люстэрка разбіла, дык ты мне скажы замест яго: праўда, я самая прыгожая?
– А можна, я табе потым раскажу?
– Калі гэта потым? Ты такі дзіўны, але не, ты – хітраван.
– Мы паедзем з табой разам. Так, Евачка? Ты разбіла люстэрка, а толькі я адзін ведаю, як зняць сурокі – інакш табе будзе вельмі кепска.
– Ай, Стасік, мне зусім не страшна. Ты ўсё маніш, маніш. Ну, згода, згода, паедзем.
– Зараз, Евачка, – шапнуў ёй Стась. – Тачку злаўлю і наперад. – Так, так, – хітра ўсміхалася дзяўчына. – Едзем, Стасік, згода, згода, анягож.
Студэнт Стась таропка выбег на асфальт і падняў руку. Калі ж з трэцяй спробы ён спыніў таксі, Евы, шчаслівай, прыгожай і п’яненькай, побач з ім не аказалася. Не было яе і сярод дзяўчат, і з хлопцамі, і ў кватэры.
Ева пайшла адна. Хістаючыся, яна ціхенька пакрочыла ў напрамку да прыпынку аўтобуса, але тыя не хадзілі з апоўначы. Урэшце, ёй было не так і далёка. Ева ціха спявала, радасна хіхікала і часам аж заходзілася ад прыступаў смеху, што так спрытна абхітрыла ўсіх і пазбавілася ад сваіх кавалераў. Зоркі і поўня мігцелі ў яе над галавой.