…І цуды, і страхі (зборнік). Вольга Бабкова
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу …І цуды, і страхі (зборнік) - Вольга Бабкова страница 3

СКАЧАТЬ Бо ў любых старых песнях ці паданнях ёсць словы і вобразы, якія здольныя перанесці нас да самых пачаткаў. Да каранёў. Да адлюстравання часу і смерці.

      Присмотревшися одменности часов и веков сего света, тагачасны чалавек, жывучы ў сваім часе, поўным турботаў ды небяспекі, выдатна ўсведамляў, што наперадзе галоўнае выпрабаванне, якое трэба сустрэць падрыхтаваным. Бо гэта рэч годная и потребная. Культура тэстаментаў, якая існавала ў шляхецкім і мяшчанскім асяроддзі, пачынаючы з ранняга сярэднявечча, была зафіксаваная ў актавых кнігах, у форме аднаго з найважнейшых натарыяльна-прававых дакументаў, праз які найгучней чуецца голас канкрэтных людзей. У якім чалавек, як, прыкладам, віцебскі гараднічы Багдан Янушкоўскі ў 1597 г. пісаў у сваім акце апошняй волі ад імя кожнага чалавека ўвогуле, …абы будучи здоров, паметал на час смертельный и на то, иж не ведаем, што ютрешний ден принесе, а жебы яко злодей пански не пришол и нас неготовыми не зостал…. “Засненнем” называлі смерць у старабеларускай традыцыі. Бо пакідаючы свет мизерны, адменны, прывидны, надзны, аблудны, нерозны, чалавек свята верыў у абуджэнне, у вясёлае Змёртвыхвстанне, у сустрэчу адроджанага цела і вечнай душы. (Цікава, што панятак “душа” знайшоў зафіксаванне і ў судовай дакументацыі пры апісанні возным чарговага пацярпелага, маўляў … убоства его забрали и пашарпали так, што сам ледь з душой утек…).

      Матэрыяльны бок жыцця тагачасных людзей быў прадстаўлены такой размаітай палітрай, што, пэўна, пісарам часам не ставала сілаў перапісваць тыя рэестры і пералікі рэчаў з дакумента ў дакумент. Нерухомая маёмасць, як бы моцна ні была яна ўгрунтаваная на зямлі і занатаваная правам ў натарыяльных дакументах, усё адно рухалася ды змянялася ў планах, якія зараджаліся ў галовах яе ўладальнікаў, гарэла ды спусташалася, прыходзіла ў заняпад. Рухомасць жа рознага гатунку, высыпаная з уяўнага рогу дастатку ды з торбаў галечы, засыпала б пярэстым кілімам тэрэны Вялікага Княства ўздоўж ды ўпоперак…

      Зборнік эсэ – спроба прадставіць тагачасны свет такім, якім я ўбачыла і адчула яго дзякуючы непасрэднай працы ў гістарычным архіве з дакументамі актавых кніг. Унікальная мажлівасць штодня дакранацца да рукапіснай спадчыны калісьці жывых людзей нарадзіла жаданне адгукнуцца сваім уласным голасам.

      У тэкстах былі скарыстаныя матэрыялы з актавых кніг Менскага гродскага суда канца XVI – сярэдзіны XVII стст. (НГАБ, ф. 1727), Слонімскага гродскага (НГАБ, ф.1737) і Слонімскага земскага (НГАБ, ф. 1785) судоў, Берасьцейскага (НГАБ, ф. 1741) і Віцебскага (НГАБ, ф. 1751) земскіх судоў другой паловы XVI ст. А таксама кніга У. Васілевіча “Зямля стаіць пасярод свету…” Мн. 1996 і “Пережитки древняго міросозерцанія у белоруссовъ” Этнографическій очеркъ А. Богдановича. Гродна 1895.

      “Мінулае звязанае з дзеямі (і пакутамі) людзей, блізкіх нам, і таму іх жыццё мусіць быць выратавана ад забыцця, яно патрабуе, каб пра яго было падрабязна расказана. Але ўсё тое, што застаецца ад гэтых мінулых падзей, – СКАЧАТЬ