Название: Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Исторические приключения
Серия: Электронная кнігарня
isbn: 978-9-85903-776-4
isbn:
Голас Пранціша гучаў роўна, халаднавата.
– Апошнім часам татка і дамоў не прыязджае, – вінавата прашаптаў Алесь, зазіраючы матулі ў вочы, і Саламея здрыганулася.
– Добра, паехалі… А то дзеці стаміліся….
Голас жанчыны гучаў амаль безнадзейна. Яна раздражнёна кранула рукой капялюш, нібыта карцела яго сцягнуць разам з парыком… Дарэмныя былі яе жаноцкія старанні – прыбрацца яшчэ ў цеснаце каюты як найлепей, як звычайна не ходзіць, прыхаваць дарожную стому… Некалькі калматых партовых хлапчукоў – як кажуць на Палессі, нарадзіла маці, ды не аблізала – ужо ўзяліся цягаць куфры засмучанай чужаземкі да сціплай дарожнай карэты без гербаў.
Раптам люд зашумеў, рассыпаўся ўбакі – да прычала віхрам ляцеў вершнік на арабскім танканогім кані, пан сярэдніх гадоў у чорным камзоле і капелюшы, з-пад якога звісалі цёмныя з сівізной валасы. Хударлявае аблічча пана было суровым, як у старога воя альбо хутчэй алхіміка, што зацугляў усіх стыхійных духаў разам ды змусіў іх, як праштрафленых студыёзусаў, нашмароўваць воскам паркет у сваім кабінеце. Драпежны нос, цёмныя вочы, шабля пры баку… А вузкія далоні, што моцна трымалі цуглі, – са шнарамі пасярэдзіне, нібыта калісьці былі прабітыя. Лепей адысціся ды скрыжаваць за спінай пальцы.
– Le Docteur Noir… Le Docteur Noir…[1]
Мінакі не тое каб сапраўды паўцякалі ад страху, паглядалі з належнай павагай, але баязліва. А вось жанчына, якую называлі Саламеяй, заўважыўшы вершніка з драпежным носам, расцвіла ад шчасця, плесканулася сіняе-сіняе мора ў вялікіх вачох, патануць бы ў такіх – але ўладальніца не пусціць, бо ўся сінеча, уся любасць – аднаму. Вось гэтаму пахмураму, небяспечнаму, дзюбаносаму…
– Саламея!
Вершнік саскочыў з каня і схапіў жанчыну ў абдоймы… Пранціш Вырвіч з палёгкай уздыхнуў.
Ну, далей ясна што. Назіраць, як сустракаюцца сем’і пасля доўгага расстання, заўсёднікам порта Латэ даводзілася дзясяткі разоў на дзень. Што тут асаблівага падгледзіш… Адысеі і Пенелопы з усяго свету перабывалі тут за тысячы гадоў, спрабуючы ў абрывістых, нехлямяжых ад хвалявання фразах адразу адно аднаму патлумачыць усё, што назапасілася за гады… Вось і тут – бацька сямейства сустрэў жонку, якая прыехала з малодшым дзіцем з нейкай далёкай барбарскай краіны, тут жа – іх старэйшы сын ды светлавалосы сваяк, можа, брат, можа, пляменнік…
Не пажывішся ад гэтай кампаніі.
Праўда, каб ведаў хто падбіўку сцэны, дык вырашыў бы, што знаходзіцца ў сентыментальным рамане не лепшай якасці. Малады пан быў не сваяком Чорнаму Доктару, а ягоным колішнім уладальнікам, жонка доктара не даводзілася роднай маці чарнавокаму хлопчыку Алесю – Лёднік прыжыў яго з адной арыстакраткай, СКАЧАТЬ
1
Чорны Доктар (франц.).