Мінск назаўжды (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Мінск назаўжды (зборнік) - Коллектив авторов страница 1

СКАЧАТЬ

      Саша працуе ў кафэ. Так яна кажа маме, бо «сакабар» гучыць дрэнна, а кафэ – нармалёва. А насамрэч яна працуе ў сакабары дзень праз дзень ў адным з гіпераў, і насупраць яе працоўнага месца прадаюцца мячы, бадмінтон, басейны, запакаваныя ў кардонныя каробкі, і ўсё астатняе для актыўнага адпачынку.

      Калі вы пабачыце Сашу ў яе сакабары, у вас адразу падымецца настрой.

      Па-першае – Саша прывабная. У яе вялікія блакітныя вочы, пухлыя ружовыя вусны, даўгія чорныя вейкі, акуратны носік і дагледжаныя, роўненькія бровы. Залатыя яе валасы сцягнуты ў высокі хвост, і калі яна паварочваецца падаць шаўрму ці хот-дог, пірожнае ці заварное кальцо, гэты хвост вымалёўвае прыгожую траекторыю ў паветры – такую самую, якую вымалёўвае хвост залатой рыбкі ў вялікім акварыуме.

      Па-другое – Саша павольная. Калі вы цэлы дзень лётаеце па горадзе па дробязных і нудных справах, вам гэта будзе дужа карысна: паглядзець на Сашу, прыкладам, на тое, як яна выбівае чэк. Прыгожыя белыя пальчыкі яе з акуратным, заўсёды свежым манікюрам цюкаюць у клавішу і высока-высока ўзлятаюць уверх. «Цюк! Цюк! Цюк!» Не «пі-пі-пі-пі-пі», не «цык-цык-цык-цык», як гэта робяць спрактыкаваныя прадавачкі ў маленькіх гастраномчыках «ля дома», а так, як умее толькі Саша: «Цюк! Цюк! Цюк!»

      Па-трэцяе, Саша ўвесь час усміхаецца. Патаемна і прыхавана – калі няма кліентаў ці прыходзіць Ніна Санна праверыць касу і шафкі. Радасна і па-сяброўску – калі дзяўчаты просяць апельсінавы сок ці карзіначку з тварагом. Абяцальна і прывабна – калі прыходзяць хлопцы па сэндвіч ці па шаўрму. Калі дзяўчаты набываюць шаўрму, а хлопцы – карзіначку, аказваецца, што Саша ўсміхаецца не людзям, а стравам: для карзіначкі ў яе сяброўская ўсмешка, для шаўрмы – абяцальная. «Падыходзьце! Я! Прынясу! Вам! Вашу! Каву!» – кажа напрыканцы яна, і свет навокал залівае гарачая хваля Сашынай усмешкі. На яе немагчыма злаваць, хаця, як вы разумееце, хочацца.

      Кожны дзень бывае, што ля сакабара вырастае чарга, і пакуль Саша выцюквае на касавым апараце чарговы заказ, людзі ў чарзе пераступаюць з нагі на нагу, нервуюцца, шумна выдыхаюць і крыху падскокваюць на месцы, бо кожны з іх некуды спяшаецца, а тут – на табе. Але калі чарга падыходзіць, і чалавек сустракаецца вачыма з Сашай – ён проста перастае нервавацца. І цярпліва чакае свой сок ці што там і сустракае з усмешкай меладычнае, бы гук званочка: «Чатыры рублі семдзесят капеек!»

      Іншы раз пакупнік задае Сашы неабавязковае пытанне ці перакідвае цераз стойку дасціпны жарт, і тады ў паветра ўзлятаюць мільёны стракатых феерверкаў – гэта Саша смяецца. «Ой, вы ведаеце, калі ў мяне пытаюцца сэндвічаў, я адразу адчуваю…» – але тут прыязджае суровая цётка на палацёры, і шум палацёра заглушае ўсё, што адчувае Саша. Яе чуе толькі той хлопец, што жартуе з ёй цераз стойку, і яна нешта кажа яму пра сэндвічы і пра свае адчуванні, і рука яе застывае ў паветры, так і не зрабіўшы чарговы «цюк».

      Яна вучыцца завочна – чацвёрты курс, пед, гістфак, у яе няма бойфрэнда, сябровак і рэпетытарства, яна не любіць скрапбукінг, чытаць ці маляваць, ёй сумна ў сацыяльных сетках і гульнях, яна не можа ўзяць абанемент на фітнэс ці ў басейн, бо ў яе нязручны графік, і таму па-за сакабарам ў яе шмат вольнага часу. І яна гуляе па горадзе.

      Вы бачылі яе на вуліцах, прыгожую, зграбную дзяўчыну – яе нельга не заўважыць. Залаты высокі хвост мерна калыхаецца ў такт яе спакойнай хадзе і лёгенька б’е па роўнай спіне. На ёй абавязковыя джынсы і кеды. Зімой яна хавае вушы пад бялюткай баваўнянай павязкай, на лета ў яе – шэрая бейсболка, яна заўсёды слухае музыку ў навушніках і носіць у заплечніку бутэльку з пітной вадой.

      Можна выйсці на Акадэміі навук – і пайсці праспектам, паўз белыя гмахі першай бальніцы, пакідаючы за спінай і акадэмію з яе паўкруглай каланадай, і «Кастрычнік» з ягонай круглай нашлёпкай над лесвіцамі, і будзе цягнуцца справа зялёны пампезны гарадок БНТУ за чыгуннай агароджай, белыя акантоўкі аканіц, белыя калоны цэнтральнага увахода, белыя прыступкі і белыя каробкі дзвярэй на бляклай атынкоўцы службовага мундзіра карпусоў і інтэрнатаў. Зусім хутка наперадзе вырасце чырвоная дзіцячая шапачка на вежы ЦУМа, і хутчэй пабягуць дамы на правым баку праспекта, і за чорнай стужкай «Лідо» адкрыецца плошча і яе чыгуннае насельніцтва: агромністы задуменны стары, партызан з хлопчыкам, вясковая дзяўчынка і хлопец са скрыпкай, але без смыка. Аднойчы яны гулялі тут з Сашам, калі ён яшчэ ў яе быў, пілі піва, сядзелі на шэрых парапетах і рагаталі з музыкі, якому забыліся выдаць смычок.

      Саша вадзіў яе ў філармонію, бо ў яго на факультэце раздавалі дармовыя білеты на канцэрт выпускнікоў нейкай музычнай школы, і яны глядзелі на настаўнікаў у даўгіх сукенках і на дзяцей у касцюмчыках, а потым употай смяяліся, калі на сцэне размясціўся аркестр – і адзін хлопец, даўгі, руды і надта сур’ёзны, раз-пораз грукаў меднымі талеркамі над вухам трубача. І яна паварочвае ля філармоніі, падымаецца на горку, мінае шэрыя, нічым не адметныя кварталы – і спускаецца па Берасцянскай да самых Вайсковых могілак. Гэтае месца ёй калісьці паказала Кацюха – яны сябравалі, пакуль Кацюха не зацяжарыла СКАЧАТЬ