Название: Тэорыя змовы
Автор: Уладзіслаў Ахроменка
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-6991-22-9
isbn:
– А як тэрарыста з натаўскага спадарожніка адловім – можа, і медалём узнагародзяць! – падсаладзіў Макруха.
Па лабавым шкле захвастала хвоя. Пад коламі зачвякала. Дарога ішла праз багністы гушчар. Абапал цямнелі волаты-валуны, парослыя пяшчотным смарагдавым мохам. Праз адчынены люк пацягнула цвіллю, і ў салоне зрабілася цёмна і няўтульна.
– Мне вось Качан расказваў, – прыгадаў Капейкін, – нібыта тут нейкая балотная выспа-пагорак ёсць, на каторай пасля вайны недабітыя паліцаі на конях хаваліся. Ну, Каліноўскія там, Булак-Балаховічы розныя…
– А ты ведаеш, якія ў іх сапраўдныя прозвішчы? – грэбліва скрывіў вусны Макруха. – Думаеш, у гэтых бульбашоў-калгаснікаў нейкая гісторыя ёсць?
За паваротам адкрылася паляна, асветленая касымі сонечнымі промнямі. Манда Іванаўна глянула наўпрост, напружылася і завібравала: на пагорку высіўся дзіўны вершнік на сівым кані. На тле травеньскага блакіту выразна прамаляваўся мужны профіль, зрэзаны шырокім каўбойскім стэтсанам.
Знянацку ад гушчара пранізліва мэкнула. Ельнік зварухнуўся, нешта чорнае і бухматае злякана скочыла з-за грувасткага валуна. Конь прыўзняўся на дыбкі, вершнік спрактыкавана ўскінуў абрэз.
На нялюдскае гергетанне наклаўся халодны металёвы барытон:
– Трымай, жывёла!
Гудкі дубальтовы стрэл скаціўся ў лагчыну. Парнакапытны завішчаў, бы свінчо, якому адсеклі вуха, і кінуўся ў балотную нізіну. Лясны стралок рушыў наўздагон – прыкметны капялюш замільгаў у лясным лабірынце.
Капітан Капейкін адрэагаваў імгненна.
– Заакіянскі каўбой! – радасна выгукнуў ён. – Фраер са спадарожніка!
– Бей жыдоў, ратуй Расію! – Макруха сутаргова расшпіліў кабуру з «макаравым».
– Адставіць! – трыбунальскім голасам асадзіў афіцэр. – Натаўца браць толькі жыўцом!
Загадчыца Дома Культуры палахліва заплюшчыла вочы. Калі яна зноў глянула праз лабавое шкло, то агаломшана хаўкнула. Прастора паплыла хвалямі, бы міраж, з нябёсаў пяшчотна заспявалі лютні і віёлы да гамба…
На чорна-зялёным тле ельніку невядома адкуль з’явілася пуцаценькае немаўля. Яно няўпэўнена стаяла пасярэдзіне прасёлка і загадкава пасміхалася. Прапаршчык таргануў рычаг скрыні бегаў. Скрыгатнула трансмісія, і аўтапеленгатар хіжа пасунуўся проста на дзіцятка.
– Макруха, спыніцеся! – жахнулася Іванаўна. – Малое ж задавіце!
Афіцэр болеча адштурхнуў кабету локцем. Кіроўца азартна ціскануў на газ. Аўтапеленгатар сунуўся па прасёлку з няўмольнасцю танка. Пуцаценькі нават не зварухнуўся – толькі прыкрыў ружовай далонькай вочы…
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».