Название: Беларуская лiтаратура
Автор: Уладзімір Навумовiч
Издательство: Республиканское унитарное предприятие "Издательство "Вышэйшая школа"
Жанр: Языкознание
isbn: 978-985-06-2271-6, 978-985-06-1950-1
isbn:
1. Назавіце характэрныя рысы Антычнасці.
2. Якія творы мастацтва створаны ў эпоху Антычнасці?
3. Дайце характарыстыку эпасу Сярэднявечча.
4. Ахарактарызуйце мастацкія вартасці вядомых вам твораў агіяграфічнага жанру.
5. Вызначце ролю Ефрасінні Полацкай у развіцці беларускай і ўсходнеславянскай культуры.
6. У чым найбольшая заслуга Кірылы Тураўскага?
Эпоха адраджэння
Эпоха Адраджэння (XIV–XVII стст.) – найважнейшы этап у развіцці сусветнай культуры. Адраджэнне чаго, патлумачым у першую чаргу. Гэта было новае “адкрыццё” Антычнасці, адраджэнне ўвагі да чалавека, яго ўнутранага свету, пошукі гармоніі Чалавека і Свету. Адраджалася павышаная цікавасць да культуры, навукі, літаратуры, да духоўнага свету асобы, яго гармоніі, да традыцый Старажытнай Грэцыі і Рыма. Але гэтае Адраджэнне (Рэнесанс) адбывалася на новай аснове. Узрасла цікавасць да самога чалавека, дзякуючы чаму значна пашыралася гуманістычнае светаўспрыманне, светаразуменне і светаадчуванне. Быт і быццё асобы ў грамадстве сталі асновай для раскрыцця ўнутраных заканамернасцей развіцця жывой паўсядзённай рэчаіснасці. Чалавек станавіўся свабодным у сваім выбары. Пафас радасці жыцця стаў галоўным зместам і сэнсам існавання. У грамадстве вылучаюцца тытаны духу, абагаўляюцца асобы-творцы, расце павага да тых, хто займае адпаведнае высокае месца на іерархічнай лесвіцы. Адбываецца актыўнае абуджэнне народнай свядомасці.
Менавіта ў гэты час актыўна развіваюцца філасофія, мастацтва, культура, якія садзейнічаюць духоўнаму станаўленню асобы. Варта прыгадаць выдатную кнігу “Вопыты” французскага мысліцеля XVI ст. Мішэля Мантэня, імёны сусветна вядомых вучоных Джардана Бруна, Тамаза Кампанэлы, Эразма Ратэрдамскага, Мікалая Каперніка, Галілеа Галілея. Можа, упершыню людзі так моцна задумаліся пра будучае ўсяго чалавецтва, спрабуючы прадказаць новае ўсталяванне сацыяльнага ўкладу ў грамадстве.
Эпоха Адраджэння характарызуецца інтэнсіўным развіццём адукацыі, навукі. Замацоўваюцца цікавасць і навуковыя ўсебаковыя падыходы да разумення асаблівасцей псіхікі і анатоміі чалавека.
Асаблівага росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння выяўленчае мастацтва, аб чым сведчыць творчасць Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Батычэлі, Тыцыяна.
Адраджэнне пачалося ў Італіі.
Эпоха Адраджэння, магутнымі выразнікамі якой былі шматлікія пісьменнікі, мастакі, кампазітары, дойліды, з’явілася, па сутнасці, абуджэннем усяго грамадства. СКАЧАТЬ