Название: Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд
Автор: Алег Грушэцкі
Издательство: Четыре четверти
isbn: 978-985-581-632-5
isbn:
Дзеці ўвайшлі ў невялічкае памяшканне, стаіўшы дыханне. Для іх гэта была не проста камора, а нешта загадкавае, таямнічы пакой. Хоць рэчы трэба было класці ў іншае месца, але, заходзячы, яны ўтаропіліся і не адводзілі вачэй ад старога грувасткага куфра і старадаўняга люстэрка, якое было фактычна сямейнай рэліквіяй. Усё было на сваіх месцах. Яны так заглядзеліся, што ледзьве не ўрэзаліся адзін у аднаго.
– Э-гэй! Прачніцеся! – вярнуў бацька сваіх зачараваных летуценнікаў у рэчаіснасць.
А потым паглядзеў на тую сцяну і прызнаўся:
– Шчыра кажучы, мяне таксама ў дзяцінстве заварожвала гэтае люстра. Нешта ў ім ёсць, гэта нават цяжка перадаць на словах. Кажуць, што старажытныя люстэркі хаваюць у сябе шмат таямніц. Падумаць толькі, колькі нашых продкаў стаяла перад ім, глядзелася ў яго са сваімі думкамі, разважаннямі. Ёсць у гэтым нешта загадкавае, можа нават містычнае. Калі ўглядаешся ў гэтую бясконцасць… Нездарма ж, напэўна, люстры лічаць парталамі ў іншыя вымярэнні.
– Напэўна, – пагадзіўся Янка. – А табе дзеда нічога пра яго не распавядаў?
– Не. Ды я неяк і сам не пытаў у яго. Прызнацца, колькі памятаю, яно заўсёды вісела ў каморы, а пускаць ён сюды нікога не любіць. Для яго гэта скарбніца, уласная тэрыторыя, дзе іншым знаходзіцца не пажадана. Амаль sancta sanctorum – святая святых, як кажуць на лаціне. Хаця, па мне, дык нічога тут настолькі каштоўнага нямашака. Хіба, у куфры можа нешта і хавае. Ды наўрад ці ў нашага дзядулі ёсць штосьці насамрэч важнае…
– А калі дарагое сэрцу? Нешта асабістае, – выказала здагадку Мілана.
– Хо, гэтага тут з лішкам, – усміхнуўся бацька, акінуўшы жэстам пажыткі.
Тут і напраўду, чаго толькі не было. І, зразумела, з большага – дарагое да сэрца старога.
Бацька ўсё акуратна расклаў, асабліва далікатна абыходзячыся з каляднай зоркай, а Мілана тым часам клапатліва загортвала маску казы ў хустку, каб тая захавалася для наступных свят і яшчэ не на адзін год.
– Добра, вы тут самі дапрыбірайцеся, а ў мяне таксама ўжо няма часу, – апамятаўся бацька. – Усе ўжо, напэўна, сабраліся, толькі я дагэтуль не. Як усё пакладзеце на месца, замкніце дзверы. Ключ аддасцё дзядулю, – прамовіў ён спешна, агледзеўся па баках і хутка выйшаў.
Дзеці ўсё закончылі і сабраліся да дзвярэй. Але не маглі не затрымацца.
– Бацька як у ваду глядзеў, менавіта партал.
– Можа ён ведае што?
– Наўрад ці. Ты ж чуў, дзеда ніколі тату не распавядаў пра люстэрка і не надта сюды пускаў.
– Дык і з намі, лічы, тое ж.
– Але з намі іншая гісторыя.
– Ну так, маеш рацыю, сястрычка.
Яны выйшлі і замкнулі камору. Дарослыя ўжо акурат апраналіся.
– Тата, на ключ, – працягнуў руку Янка.
– Вой, я ж кажу, аддай дзеду.
Тут акурат ён і выйшаў, было відаць, што спяшаецца.
СКАЧАТЬ