Вуліца Добрай Надзеі (зборнік). Міхась Андрасюк
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Вуліца Добрай Надзеі (зборнік) - Міхась Андрасюк страница 2

СКАЧАТЬ сняданку. І капітан абяздолена махнуў рукой: – З’елі б штось, чаму не.

      Палітыкі і дыпламаты, абсеўшы круглыя сталы ў грандыёзных кабінетах, з тысячы позіркаў і жэстаў складаюць бліскучыя мазаікі, перакідваюцца пустымі словамі або камянеюць у разумным маўчанні. Перакананыя ў несмяротнасці, ігнаруючы час, гуляюць у шахматы вечнасці. Просты чалавек крочыць да мэты простым шляхам. Уладкоўвае пад грушай дубовы стол, запрашае гасцей, стаўляе заткнутую газетай паўтарачку. Просты чалавек ведае цану часу і, не губляючы яго лішне, кажа сваёй жонцы: “Сонька, дай што-небудзь на стол”. А яна знаходзіць у кладоўцы ладны кавалак сала і, вокамгненна распаліўшы печку, рыхтуе на кухні дымячую яечняй патэльню.

      – А калі б так… – рука Іванюка сіне-зялёнай бутэлькай прычаляла якраз да шклянкі. Ён глядзеў у вочы капітану і штосьці перажоўваў у вусах… ці то сала, ці то слова… – А калі б так ад’ехаць крыху ўбок з гэтай граніцай?

      – Як убок? Куды?

      – Ну, крокаў на сто. Саюзу гэта ж тое, што сабаку муха. Там вунь, за Саўчуковай стадолай паставіць яе….

      – Няма такой магчымасці, – капітан кульнуў шклянку, закусіў яечняй, паправіў шкваркай, рукавом абцёр вусны. – Немагчыма! – паўтарыў. – Сам бацька Сталін вызначыў. А ягонае слова і полк танкаў не адменіць.

      Але Іванюк, мала знаёмы з сапраўднымі законамі вялікага свету, верыў, што па агульных законах і канстытуцыях, якія пішуцца пяром чалавечага спачування і шчырасці, кожнаму, нават гэтаму капітану, дазваляецца мяняць лёсы да лепшага без згоды генералаў і іншых начальнікаў. І таму сіне-зялёныя паўтарачкі вытыркаліся з усіх бакоў. Вырываліся раз з левага фланга, другім разам з правага, крочылі цэнтрам. Жоўтыя кускі сала ападалі на стол і, быццам шрапнелі, разрываліся, рассыпаліся асколкамі шкварак. Капітан адчуваў, як даручаны яму адрэзак граніцы выслізгвае з рук. Апошнімі сіламі, адбіваючыся ад пякучых салютаў, учапіўшыся рукамі за дубовы бункер стала, ён усё яшчэ выстойваў пазіцыю: – Нельга. Граніца – гэта граніца.

      І тады Іванюк з сакрэтных сваіх боепрыпасаў вычараваў апошні аргумент. Памаленьку, саноўна, бы магутны Т–34, дайшла да стала пузатая бочка мёду. Прыпынілася, прыцэлілася і залатым, салодкім языком ляснула па абаронцах польска-савецкай граніцы.

      Першы капітуляваў капітан, затым старшыня, а следам за камандзірамі пасыпаліся і шараговыя жаўнеры, якім было, па праўдзе, усё роўна – так ці іначай вырашыць начальства, абы не канчаўся нечаканы пачастунак.

      Часцей за ўсё прычынай капітуляцыі бывае страх. Звычайная настальгія па сонцы, што заўтра ўзыдзе без нас, шкадаванне жанчын, што ўсміхнуцца каму другому, балючая думка пра ўнукаў, што не прыбягуць нядзельнай раніцай па цукерку ці пяшчоту. Але ў чалавечым жыцці здараюцца хвіліны незвычайныя, і тады капітуляцыя нараджаецца з адвагі. Розныя бываюць крыніцы чалавечай адвагі. Адны высмоктваюць яе з матчынага малака, другія высысаюць з жытняй самагонкі. Набраўшыся смеласці, чалавек можа змяніць свет і перасячы любую мяжу.

      – А чорт з табою, старык. СКАЧАТЬ