Нічые (зборнік). Андрэй Федарэнка
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка страница 4

СКАЧАТЬ прыгнуўшыся ў дзвярах, вынырнуў метры пад два ростам велікан – у накінутым на шырозныя плечы і сцягнутым на грудзях двума гузікамі шынялі, у ссунутай на патыліцу папасе з жоўтым верхам, на якім выпукляўся самаробны знак конніка з шабляю, а за веліканам высунулася з дзвярэй перш руля вінтоўкі з прымкнутым штыком, а затым паказаўся малады зусім хлапчына, у гімназісцкім шыняльку, без шапкі, белагаловы і з палахлівай, узбуджанай цікаўнасцю ў сініх вачах.

      Велікан зірнуў перш на нерухомага Мішку пад сцяною, затым на чырвонаармейцаў. Тыя са спалатнелымі тварамі збіліся ў кучу, стаялі, кінуўшы пад ногі вінтоўкі і задраўшы над галовамі рукі.

      – Стой! – паўтарыў велікан да іх Мішкава апошняе слова, толькі з іншай інтанацыяй – без адчаю, як у Мішкі, а спакойна, нават весела, нават з нейкай зухаватасцю; атрымалася як у падпітага дзядзькі на вяселлі, што стаміўся гуляць і вось, выйшаўшы ў круг да танцораў, дае музыкам каманду: «стой!»

      – А то страляць буду! – прыгразіў, хоць чырвонаармейцы і так стаялі ні жывыя ні мёртвыя, і не збіраліся нікуды ўцякаць.

      – Мікола – таго, каля падводы! – паказаў ён руляю абрэза, і адзін з дзецюкоў адразу ж кінуўся на вуліцу. – Гнат – з гэтымі разбярыся! Дзяніс, – да маладога, – вяроўку!..

      Дзяніс бы толькі гэтага і чакаў – з паспешлівай ахвотнасцю, стараючыся нават выпадкова неяк не глянуць на забітага, знік у сенцах.

      – Ану, к сцяне!.. Ды варушыся!..

      Гнат, падпіхваючы палонных прыкладам у спіны і падцягваючы за каўнеры шынялёў, пастроіў усіх у рад, тварамі да сцяны.

      – Ногі шырэй, рукі вышэй!..

      Кецка, які стаяў збоку таксама з паднятымі рукамі, памкнуўся быў сам да чырвонаармейцаў, каб стаць побач, але веліканаў вокрык спыніў яго:

      – А ты куды прэшся?! Стаяць, рук не апускаць!..

      Велікан няспешна сабраў вінтоўкі, склаў каля ганка, нагнуўся над забітым, перавярнуў яго наўзнач, адшморгнуў партупею з кабурою маўзера, пачаў шнырыць у кішэнях…

      З трафейнай вінтоўкаю на плячы, Мікола тым часам увагнаў перад сабою ў двор маленькага Мікіціна, які ад страху спатыкаўся і ледзь перастаўляў ногі. Падштурхнуў яго да сцяны, да ўсіх:

      – Ыч, шчанюкі, – прагудзеў здзіўлена. На яго шырокім, сялянскім, пабітым у чорныя кропкі вугроў твары, яшчэ чырвоным ад хатняга цяпла і выпіўкі, быў тупы выраз нейкага як бы расчаравання, што ўсё скончылася так хутка і таму нецікава… Ён цыркнуў пад ногі жоўтай слінаю курца, расцёр плявок ботам: – Ваякі – голыя сракі!

      У бліжнім да сянец акне раптам узнік прыліплы да шыбіны спалоханы мужчынскі твар. Мікола засмяяўся і паказаў на акно велікану з Гнатам; крыкнуў:

      – Вылазь на двор, дзядзька Карпа! Усё ужо, вылазь!..

      З сянец выбег Дзяніс са скручанай вяроўкаю ў руках:

      – Каму, Чуб? – задыхана, бы невядома адкуль прыбег, спытаў у велікана.

      – Дай сюды… – Чуб перавесіў вяроўку на плячо. – А ты збегай яшчэ, Дзяніска, прынясі заступ, ды венік… і бацьку пакліч, скажы, СКАЧАТЬ