Название: Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)
Автор: Артур Конан Дойл
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Классические детективы
Серия: Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
isbn: 978-985-7119-03-5
isbn:
– Гэта, несумненна, імя вытворцы, а дакладней, яго манаграма.
– Вы памыляецеся. Вялікая «G» і маленькая «t» – гэта скарачэнне ад «Gesellschaft», што перакладаецца з нямецкай як «кампанія». Гэта звычайнае скарачэнне, якое адпавядае нашаму «К°». «Р», безумоўна, абазначае «Papier», то бок «папера». Цяпер «Eg». Давайце зірнем у наш «Геаграфічны даведнік Еўропы», – ён зняў з паліцы цяжкі карычневы фаліянт. – Элгаў, Элганіц*… А вось і тое, што трэба: Эгер*. Гэта ў нямецкамоўным раёне, Багеміі, непадалёк ад Карлавых Вараў. «Вядомы як месца смерці Валенштайна*, а таксама дзякуючы шматлікім гутам і папяровым фабрыкам». Ха-ха, мой хлопча, якія высновы можаце вы зрабіць? – яго вочы заблішчэлі, і ён пераможна выпусціў з цыгарэты вялікае блакітнае воблака.
– Папера зробленая ў Багеміі, – сказаў я.
– Менавіта. А аўтар цыдулкі – немец. Вы звярнулі ўвагу на незвычайную будову сказа «Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі»? Француз ці рускі такога б не напісаў. Толькі немцы могуць абыходзіцца з дзеясловамі так непачціва. А таму нам засталося толькі даведацца, чаго гэты немец, які піша на багемскай паперы і лічыць за лепшае хаваць свой твар пад маскай, ад нас хоча. А вось, калі я не памыляюся, і ён сам. Ён і адкажа на ўсе нашыя пытанні.
На гэтых словах мы пачулі рэзкі стук конскіх капытоў і грукат колаў, што зачапілі ходнік, а потым – не менш рэзкі гук званка. Холмс прысвіснуў.
– Парны экіпаж, мяркуючы па гуках, – сказаў ён і, выглянуўшы з акна, працягнуў: – Так і ёсць. Багатая карэта і пара прыгажуноў, сто пяцьдзясят гінеяў за кожнага. На благі канец, Ўотсан, справа будзе прыбытковая.
– Думаю, Холмс, мне лепей сысці…
– Ні ў якім разе, доктар. Заставайцеся на сваім месцы. Куды я без майго Босуэла*? Да таго ж справа абяцае быць цікавай. Будзе шкада, калі вы яе прапусціце.
– Але ж ваш кліент…
– Нічога страшнага. Мне можа спатрэбіцца вашая дапамога, і яму таксама. А вось і ён. Сядайце ў гэты фатэль, доктар, і аддайце нам усю вашую ўвагу.
Цяжкія марудныя крокі, чутныя на лесвіцы і ў калідоры, спыніліся перад самымі нашымі дзвярыма. Потым пачуўся гучны і ўладны грук.
– Заходзьце! – сказаў Холмс.
Увайшоў чалавек геркулесаўскага целаскладу, ростам наўрад ці ніжэйшы за шэсць футаў і шэсць цаляў. Апрануты ён быў так багата, што ў Англіі багацце гэтае прыпісалі б кепскаму густу. Закаўрашы і адвароты яго двухбортнага паліто былі аблямаваныя цяжкім каракулем, а накінуты на плечы цёмна-сіні плашч гарэў ярка-чырвонай аксамітнай падкладкай і мацаваўся на шыі спражкай з прыўкраснага берылу. Халявы ботаў, якія даходзілі да сярэдзіны лытак, былі аздобленыя шыкоўным карычневым футрам, што дапаўняла ўражанне варварскае раскошы, якое стварала ўсё яго аблічча. У руках ён трымаў шыракаполы капялюш, а ўсю верхнюю частку твару да самага нізу скулаў хавала чорная маска, відавочна, толькі што надзетая, – бо калі ён СКАЧАТЬ