Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 4

СКАЧАТЬ прафесара набіраў моцы. Пранціш толькі галаву ў плечы ўвабраў, як чарапаха, на якую цэліць з нябёсаў арол, і маўчаў, як кароль Жыгімонт Ваза на элекцыйным сойме, праўда, што заставалася небараку Жыгімонту рабіць, калі ні польскай, ні беларускай мовы не ведаў… А Лёднік ужо сычэў, не як арол, а як раззлаваная змяюка.

      – У мяне толькі што быў шаноўны цэхмайстар, пан Ёган Пузыня. І распавёў пра начныя прыгоды аднаго самаўпэўненага невука.

      Пранціш адчуў амаль неадольнае жаданне плітануць адсюль… усё роўна куды, хоць бы й на лекцыю. Аж ногі здрыгануліся, зрабілі крок у бок дзвярэй, і Вырвіч у чарговы раз пашкадаваў, што ў Лёднікаў няма ўласных дзяцей, і таму ўвесь іхні выхаваўчы імпэт даводзіцца прымаць на сваю бедную русявую галаву… Але прафесар імкліва – сапраўды як чорная змяюка – апынуўся проста перад студыёзусам, адрэзаўшы ўсялякія шляхі да рэтырацыі. І пачалася… лекцыя. Пранціш толькі згодна ківаў: так, бэйбус, так, распуснік, так, абібочына…

      – Чаго ты палез да тае дзеўкі, калі ведаў, што ад бацькі мала не пападзе? Жаніцца сабраўся, можа? Сватоў будзем засылаць?

      Вырвіча ажно перасмыкнула, калі ён уявіў, што будзе да канца свайго жыцця бачыць, прачынаючыся, побач, на падушцы, круглы твар з радзімкай ля вуснаў і сустракаць санлівы, як у цяляці, позірк… Вой, не! Як казаў каралеўскаму кату шляхцюк, якога хацела паводле старажытнага звычаю вызваліць, накрыўшы сваёй хусткай-рантай, адна паненка не першай маладосці, і тым прызнаць яго за мужа, “Хутчэй, хутчэй, пане Якубе, да шыбеніцы!”.

      Прафесар, паназіраўшы за пакутамі падапечнага, нечакана пасміхнуўся.

      – Дон Гуан знайшоўся з Падняводдзя… Ланцэлот у картовых нагавіцах. Ты хоць ведаеш, колькі мне давялося тут распінацца, абы ўлагодзіць пана Пузыню, каб не падаваў на цябе ў гродскі суд? Ды перада мной Дэмасфен блазнюком пачуўся б! А мо, і варта было здаць цябе на расправу, каб нарэшце навучыўся адказваць за свае ўчынкі? А колькі тых пракудаў за час навучання было? – Лёднік урачыста пачаў загінаць пальцы. – У мінулым траўні з уланамі, напіўшыся, пабіліся, і хто табе ключыцу з кавалачкаў складваў і штраф плаціў? Доктар Лёднік, вядома. У чэрвені з такім жа дурнем Вяллю ў бочках пераплываць уздумалі, ледзь не патапіліся. На першым курсе твая банда крэсла пана суддзі на астранамічную вежу зацягнула…

      Прафесар скрушна ўздыхнуў, вярнуўся за стол і стамлёна падрахункаваў.

      – Вырвіч, калі б шкода ад цябе абмяжоўвалася выбухамі падчас дурных эксперыментаў, я б дараваў, апраўдаўшы зразумелай юначай дапытлівасцю… А тут – адна шкадлівасць ды юр… А самае гідкае – што схлусіў.

      – Пан Лёднік, Бутрымус, ну як жа мне было прызнацца ў такім афронце! – скрушна стукнуў сябе ў грудзі кулаком Пранціш. – Нават пацалаваць красульку не паспеў. Зваліўся, нагу падвярнуў, ды яшчэ гадасцю аблілі… Урэшце, ты сам казаў, у мяне характар складаны… Перавага вогненнай стыхіі…

      – Вось і адказвай за свой вогненны тэмперамент! – СКАЧАТЬ