Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 14

СКАЧАТЬ малюнак. Пандора ўважліва ўглядалася ў яго, пакручваючы галавой, а па скуры Вырвіча мітусіліся звар’яцелыя ледзяныя мурашкі. Нешта ў тым, што адбывалася, было брыдкае, бязбожнае… Злая пародыя на жыццё.

      Лёднік трымаў побач два аркушы: выявы нічым не адрозніваліся, хіба другая была больш выразная, нібыта ў абуджанай ад сну лялькі прыбавілася сілаў, і яна цяпер больш моцна націскала на аловак.

      – За гэтым малюнкам абавязкова павінна нешта важнае хавацца! – сцвердзіў Вырвіч. – Нездарма ягоная мосць Пане Каханку хоча займець гэты аўтамат!

      – Думаю, гэта князю іншыя ўвялі ў вушы, той жа ягоны канфідэнт Богуш, – няўважна прагаварыў Лёднік, углядаючыся ў малюнкі, нібыта яны былі двумя прорвамі, у якія ўвалілася нешта каштоўнае. – Ягонай мосці Каралю Радзівілу, на нашае шчасце, зараз не да нейкіх лялек, таму за мяне ўсур’ёз і не ўзяліся…

      Лёднік скруціў аркушы ў трубку. Ягоны твар пацямнеў, зморшчына між бровамі паглыбілася.

      – І тыя, каму патрэбная Пандора, не адступяцца.

      Вырвіч таксама спахмурнеў.

      – Спадзяюся, ты не збіраешся аддаваць сваю спадчыну?

      Прафесар памаўчаў.

      – Аддаваць не збіраюся. А вось забраць – могуць. Я з альбанчыкамі адзін не спраўлюся. Нават з тваёй дапамогай. Так што пакуль нікому не кажы пра тое, што механізм адрамантаваны. Можа, пакуль Богуш з кампаніяй будуць упэўненыя, што аўтамат зламаны, нічога ўтвараць не стануць? А я распараджуся, каб ляльку заўтра ж перанеслі ў маю патаемную лабараторыю.

      Што азначала – у сутарэнні. Выпрасіў там Лёднік у рэктара куток дзеля рызыкоўных доследаў, у дадатак да афіцыйнай лабараторыі. Ключ ад тых апартаментаў меўся толькі ў прафесара, а бывалі туды дапушчанымі некалькі давераных вучняў, што цвёрда вырашылі стаць медыкамі, ды, вядома, Вырвіч. Праз падземны ход, які цягнуўся ажно да каралеўскіх стайняў, зручна было прыносіць трупы для доследаў. Пранціш падазраваў, што лабараторыю перыядычна абшукваюць езуіты – нельга ж дапусціць да непапраўнага блюзнерства, але Лёднік алхіміяй больш не займаўся, золата не варыў, духаў не выклікаў. А ўскрываць трупы ў еўрапейскіх універсітэтах даўно не было забароненым – наадварот, гэта рабілі ў анатамічных тэатрах, перад сотнямі вачэй, апошнім часам сталася модным прыводзіць туды тытулаваных дам, якія павісквалі на галерэі і прыгожа трацілі прытомнасць у абдоймах сваіх спадарожнікаў. Смерць пераставала быць таемствам, робячыся балаганным відовішчам. У любой кніжнай лаўцы прадаваліся падрабязныя анатамічныя атласы, у любой аптэцы Італіі, Францыі, Швейцарыі выраблялі расфарбаваныя васковыя муляжы ўскрытага цела. Але тут, у Вільні, нават загадчык кафедры мог дазволіць сабе падобныя практыкаванні толькі ў сутарэннях.

      Цяпер туды адправіцца і васковая лялька.

      Лёднік, які ніяк не мог змусіць сябе адарвацца ад “прэцэдэнту”, корпаўся ў вантробах аўтамату так аддана, нібыта яго маглі кожнае імгненне вырваць СКАЧАТЬ