Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 4

СКАЧАТЬ дык кабета гатовая была ўсё майно аддаць, абы лекаваць узяўся, чарнакніжнік ён ці не… Але не паспелі мы нічога, памёр сынок. Божая воля…

      Пан паручнік уздыхнуў, адставіў кубак і палез у шуфляду сакрэтніка.

      – Вось пану сто злотых на дарожныя спажыткі, вось ліст… І не спяшайся вяртацца, пан Вырвіч. Пагасцюй у Вільні. Магчыма, цябе аб нечым папросіць той, каму ліст завязеш. Калі спатрэбішся, я прышлю па цябе сам.

      Вырвіч ледзь стрымліваў гнеў і крыўду. Фактычна, яму ветліва паведамлялі, што могуць адправіць у адстаўку. Але – на каго крыўдаваць? Пан Малішэўскі да яго па-добраму, ратуе ад непрыемнасцяў. Сябе самога трэба вінаваціць. Упадабаў расцвельваць невукаў псеўдафіласофскімі гутаркамі… Самому весела, а дурні ўсё ўсур’ёз прымаюць. І кот з вусамі, а ганяецца за мышамі.

      Пранціш ганарыста выпрастаўся, усміхнуўся зухавата.

      – Няхай пан паручнік не сумняецца, выканаю як найлепей! А каму перадаць ліст?

      – Ягонай мосці, пану суддзі Міхалу Юдыцкаму, асабіста ў рукі.

      Пан паручнік пасля нейкі час гадаў, ці яму падалося, ці ягоны падначалены, бясстрашны пан Вырвіч сапраўды збялеў і разгубіўся, калі пачуў адказ на зусім простае пытанне? Але на вуліцы завішчэла нейкая дзеўка, зараўлі п’яныя галасы… І чарадзейны падхаружы вылецеў у пана Малішэўскага з галавы, як злятаюць воляю першага ж ветрыка пухнатыя парушынкі з лысай галавы дзьмухаўца.

      Раздзел першы. Даклад прафесара Лёдніка

      Зала Віленскай акадэміі была напоўненая вучонымі людзямі, бы куфэрак ліхвяра – чужымі манетамі. Здавалася, ад назапашанай тут мудрасці багавейліва трымціць нават паветра. Праўда, чамусьці да багавейлівасці адчуваўся ладны дамешак зусім іншага пачуцця. Праз высокія вокны шчодра прасявалася святло сонца, не ў змозе пазалаціць строгую вопратку, драўляныя лаўкі ды насцярожаныя позіркі.

      – Такім чынам, той шлях, які пазначыў Вязалій, аддаючы перавагу досведу і практычнаму спазнанню анатоміі, аказаўся куды больш плённым, чым шлях Галена, які вывучаў анатомію чалавека на трупах жывёлаў, што не ёсць ідэнтычным.

      Голас дакладчыка, высокага фанабэрыстага пана ў чорнай прафесарскай мантыі і акуратным белым парыку, з драпежным носам, цёмнымі пранізлівымі вачыма і пагардлівымі вуснамі, гучаў упэўнена, як у пераможнага вайскаводцы. Хаця слухачы – шмат хто ў чорных сутанах – пазіралі на пана за кафедрай хто з жахам, хто з гневам, хто са шчырым здзіўленнем, як на жаўнера, які адзін бяжыць супраць цэлай арміі, узброены нават не вогненным мячом, а звычайнай шабелькай. Ад некаторых імёнаў, якія называліся, прысутных ажно перасмыкала. Той-сёй дык і жагнаўся. Дакладчык жа захоўваў непарушны спакой. Не звярнуў аніякае ўвагі, і калі цяжкія дубовыя дзверы прыадчыніліся, і ў залу асцярожна ўвайшоў малады драгун, чый русявы чуб зухавата выбіваўся з-пад шапкі, пры левым баку пагрозна паблісквала шабля, а чырвоныя боты нахабна рыпелі і цокалі па каменнай падлозе падкоўкамі. Іншыя вучоныя СКАЧАТЬ