Название: Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік)
Автор: Віктар Казько
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная публицистика
Серия: Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
isbn: 978-985-6930-32-7
isbn:
Продкі нашы, продкі, вось і такім словам мы памінаем сёння вас. Але не адмаўляемся, не выракаемся вас. Хай ваш храм на крыві, мы ж усё роўна вымушаны жыць у ім, бо інакшага няма, інакшага вы нам не далі. Наш клопат вывесці з яго нашых дзяцей, вашых унукаў, каб няправедная кроў не атруціла, не забіла іх душы, каб і яны не захлынуліся ў крыві. А храм хай застаецца ў павучэнне будучым пакаленням.
Пабраўшыся за рукі, курсанцкае карэ спачатку шурпатым сукном шынялёў, а потым грудзьмі, целам рушыла на натоўп, змяла пярэднія рады, выкідваючы далёка наперад кованыя боты, як на дэманстрацыі, пайшло па нагах тых, што быў перад імі, вымушаючы іх адступаць усё далей і далей. За межы разумення, за межы могілак і плошчы.
Усеагульнасць людскога недаўмення ў першыя хвіліны была такой вялікай, што, здавалася, людзі згубілі дар мовы, знямелі, забыліся на сваё чалавечае званне. Мільгалі толькі пагоны, міліцэйскія кукарды, выхопліваліся з казённых шынялёў кулакі. Цяжка казаць, які іншы народ здолеў бы гэта вытрымаць, зацкаваны сабака і той у безвыходнасці пачынае ашчэрваць пашчу і наравіць укусіць. Беларусы вытрымалі. Сапраўды божай цярплівасці народ.
Вытрымалі мужчыны, падлеткі, нават жанчыны. Ніхто не плюнуў у твар міліцыянеру, не пацягнуўся рукой да іх твараў, не падрапаў яго, не сцягнуў з галавы фуражку. Чуліся толькі самотныя галасы: «Хлопчыкі, сынкі, што вы робіце? Мы ж усе савецкія людзі. Ужо заўтра вам усім будзе брыдка і сорамна…»
Трэба адзначыць, што таму-сяму з самых сумленных было брыдка і сорамна ўжо і тады. Калі скончылася дзейства на плошчы, пачуўшы, пэўна, беларускую гаворку, да групы маладых хлопцаў падышоў лейтэнант міліцыі:
– Каб вы ведалі, хлопцы, я рускі, але я з вамі. I мне сорамна. – I знік, растаў сярод пагонаў і форменнага сукна. А больш знамянальна гэта праявілася пазней, за тысячы кіламетраў ад Мінска. У Тбілісі. Людзі ў міліцэйскай форме ратавалі людзей, сваіх суграмадзянаў, ад сапёрных лапатак. Не прайшоў, не пакінуўшы знаку, той кастрычнік для міліцыі Мінска. На мітынгах нефармалаў загучалі галасы і супрацоўнікаў міліцыі, следчых:
– Каб вы ведалі, сябры, мы сёння ўжо другія.
  СКАЧАТЬ