Название: Мясцовы час
Автор: Алесь Аркуш
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-83-62069-95-8
isbn:
Прыходзілі да мяне Кузьмін са Сьвідрыцкім, прыносілі тэксты да новага альбому, напісаныя па-расейску. Папрасілі перакласьці на беларускую. Тэксты мяне зьдзівілі. Нейкай сваёй духоўнасьцю, як бы гэта ні гучала дзіўна ў адносінах да рок-паэзіі. Нячаста пачуеш, каб рокеры сьпявалі пра сэнс жыцьця, пра шлях дамоў, пра сваю любімую ўскраіну, пра тое, каб было ня сорамна сказаць: я жыў! Паабяцаў, што зраблю пераклад.
Праз пару дзён аказалася, што перакласьці трэба як мага хутчэй: Кузьмін патэлефанаваў і папрасіў прысьпешыць працу, бо музыкі мусяць на наступным тыдні ехаць у Мазыр на студыю гурта «Адлюстраваньне», каб запісаць свой чацьверты альбом.
Празь некалькі дзён Кузьмін прыехаў забіраць пераклады. З сабой ён меў «рыбу» зусім сьвежай песьні. Тэкста практычна не было. А песьню трэба запісаць заўтра. Кузьмін зь вінаватым выразам на твары працягнуў мне аркушык з вучнёўскага сшытка. На ім было накрэмзана ўсяго некалькі радкоў.
– І гэтую песьню вы заўтра будзеце запісваць у студыі? – са зьдзіўленьнем усклікнуў я.
– Спадзяюся, да вечара гэта будзе сапраўдная песьня.
Кузьмін мне падаўся авантурыстам. Як можна запісваць тое, што толькі нарадзілася і яшчэ не абкатанае, не праверанае часам.
– І што, мне проста вось зараз трэба напісаць тэкст? – гэта было ўжо рытарычнае пытаньне.
– Так, – Кузьмін лічыў такую сытуацыю цалкам нармальнай, маўляў, усё вартаснае нараджаецца экспромтам.
– І колькі я маю часу? – гэтае пытаньне было наогул шызафрэнічным.
– Ня больш за гадзіну. Бо празь дзьве гадзіны мусім пачаць рэпэтыцыю.
Мы разам селі на канапу, і я на каленях пачаў пісаць.
За лясамі, ўзгорамі,
За сівымі зорамі
Ягадай нясьпелаю
Сьпіць краіна белая.
З поўняй разьмінулася,
Хмарай загарнулася,
Голас пахаваўшая,
Волю не пазнаўшая.
А была шляхетнаю,
Гонарам адметная,
Моцная і вольная,
Да навукі здольная.
Нашай ускраіна была!
Аблокі гоне вецер-гун,
Забыўся ён, што ёсьць
Пярун, Забыўся, што чакае нас
Сурмы працяглы сьпеўны час.
Мой сын маўчыць, маўчу і я:
Навокал скрозь – калёнія.
Калее ў студзеньскай вадзе
Пярсьцёнак згубленых надзей.
Праз паўгадзіны тэкст быў гатовы. Я працягнуў яго Кузьміну. Той узяў аркушык і пачаў чытаць, напяваючы радкі. Я думаў, што апошні слупок Кузьмін забракуе, бо задужа ён атрымаўся палітычным, але, на маё зьдзіўленьне, Фула сказаў, што ўсё вельмі добра і заўтра яны гэта запішуць у студыі.
Песьня СКАЧАТЬ