Чужая бацькаўшчына. Вячаслаў Адамчык
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Чужая бацькаўшчына - Вячаслаў Адамчык страница 3

СКАЧАТЬ азiрнулiся. Кабета была нямая.

      – Гэта мая залувiца, – прызналася маладая гаспадыня. – Сястра майго нябожчыка.

      Нямая выглядала на адны гады з маладзiцаю, але, раскруцiўшы i зняўшы з галавы хустку, выдалася старэйшаю.

      – Нашто раздзяешся? – Маладзiца паказала на вядро, што стаяла на калодзе ў памялешнiку. – Пара карову паiць.

      Нямая пакiвала галавою, апранулася i, глянуўшы спадылба на чужых мужчын, выйшла з хаты.

      Стары аблiзаў лыжку, склаўшы тры пальцы, перахрысцiўся на абраз i падзякаваў за полудзень.

      – Няма за што, – азвалiся абедзве разам кабеты.

      – То як умовiмся з платаю? – спытаў ён, не абарочваючыся, а толькi настаўляючы вуха туды, куды гаварыў, да маладзiцы, – што скажа яна.

      – А сколькi ж бяруць цяперака за малацьбу?

      – Два злоты i кiля солi.

      Маладзiца насупiлася, пакусала край нiжняй губы i падняла голаў:

      – Дарагавата, але хай, бо мышы даўно авёс стачылi.

      Малады адсунуў мiску, выцер рукою губы i, седзячы за сталом, слухаў. Гаварыў толькi стары:

      – А колькi ж коп нажалi?

      – Чатырнаццаць.

      – Ого!

      – Нiчога, дзядзька, зiма з велькiм горам усё з’есць.

      – Як, Iмполь, да каляд змалоцiм? – стары, задраўшы рэдзенькi чубок, глянуў на маладога, пацёр шорсткую, у вострым, як нацярушаным, шкле сiвых валаскоў няголеную шчаку. – Управiмся ж па капе за дзень. Шэсць пасадаў… У пасадзе дзесяць снапоў… А дзесяць снапоў што? За гадзiну не саб’ём?

      – I больш, пэўня, – адкiдваючы з брыва навiслую кудзерку валасоў, малады падняўся з-за стала.

      – Тады мо сходзiм у гумно? – стары азiрнуўся на маладзiцу i адсунуў заслон, каб таксама ўстаць.

      Гумно стаяла ўпоперак пляца, вялiкае, з дзвюма палувенкамi паабапал дзвярэй. Хлеў i падпаветка, перасыпаныя са старога дзерава, былi ў адным пашарку з новаю хатаю. Мiж гумном i пашаркам хаты раслi старыя, тоўстыя ў камлях яблынi. Каля высокага, выплеценага з яловых частаколiн плота паднялiся недзе з непавысяканых карэнняў вострыя i голыя пасынкi маладых слiвак – вецер назмятаў туды белага курачага пер’я. Было чуваць, як з адчыненых дзвярэй хлява крычала, цi можа так гаварыла да скацiны, нямая. За хлявом, дзе стаяла сплеценая з саломы i не прыкрытая стрэшкай прыбiральня, у збузаваным гурочнiку куры дзяўблi гурок-насеннiк.

      Пад дзвярыма каля гумна ў нацярушанай мякiне граблiся трапяткiя вераб’i. Прыпадаючы да зямлi i варушачы кончыкам хваста, да iх краўся сыты шары кот. Згледзеўшы яго, вераб’i купаю паднялiся на палувенку i адтуль ужо, рассыпаючыся, падалi на зялёна-лiловы, прыхоплены першымi замаразкамi бэз.

      – Сядзiш тут, а мышы жыта стачылi, – маладзiца тупнула нагою на ката i, выняўшы з прабоя прывязаную на вяровачцы затычку, адчынiла абедзве палавiны дзвярэй.

      Мужчыны зайшлi ў гумно.

      – Мы як змалацiлi на насенне, то болей i не чапалi, – сказала маладзiца, прывальваючы каменем дзверы. – Старое ўсё яшчэ ямо.

      – Ого! – СКАЧАТЬ