Название: Сутарэнні Ромула (зборнік)
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
isbn: 978-985-7007-66-0
isbn:
– Слухай, а гэта праўда, што ён сказаў пра майго продка з НКУС?
Вячка падумаў, пакорпаўся ў тэчцы і дастаў адтуль тры аркушы, з самага пачатку рукапісу. Потым дадаў яшчэ некалькі з канца.
– Вось, пачытай… Гэта самы пачатак рамана, пралог, а гэта – чацвёрты раздзел. Вядома, толькі рэканструкцыя плюс фантазія.
…Лісцё каштанаў памірае вельмі непрыгожа. Яно скручваецца, згінаецца, як пальцы муміі, робіцца ржава-брунатным і падае цяжка, з панылым шоргатам, без спробаў узляцець, затрымаць падзенне. Ася назнарок наступала на скурчаныя лісты каштанаў, якія расціскаліся пад нагой, як вусені. На працу вяртацца бессэнсоўна – праз гадзіну канец працоўнага дня, дый адна думка пра Шэрую Будыніну выклікала агіду і камяк страху пад горлам. Як у школьніка пры думцы пра заўтрашнюю кантрольную. Хаця Скрыніч паабяцаў пагаварыць з яе начальнікам, выявілася, прыхільнікам ягоных раманаў, і замяць ейны сённяшні прагул, але Ася не была пэўная, што любоў да фэнтэзійна-авантурных раманаў на мове здольная пераважыць сокал-прынтаўскую зацыкленасць на дысцыпліне. Рэдактарка брыла па вуліцы, стараючыся не сутыкацца з мінакамі, якія спяшаліся, спяшаліся, спяшаліся. Яна паглядала час ад часу на свае пярсцёнкі з рознакаляровымі каменьчыкамі. Яшма, сердалік, змеявік, кашэчае вока… І як ніколі адчувала сувязь з імі: таксама – паўкроўкі, паўвысакародныя… Але Ася не мела і найменшага жадання мяняць іх, надзейных, сціпла-прыгожых, на бліскучыя і дарагія. Які ж гэты… Корб-Варановіч… нягоднік.
На чысціні крыві ссунуты. Рыцар, разумееш! А не выключана, што якісь ягоны прадзед-граф ейную прабабулю, простую дзяўчыну, жорстка згвалціў! Таксама, відаць, здаровы быў, як конь… А гэты, нашчадак, сядзіць, важны, як манарх, паперкі перабірае – з такімі плячыма… Няхай бы мяхі з бульбай пацягаў ці гной параскідваў, раз сілы падзець няма куды!
Арсенія зласліва ўявіла, як Корб-Варановіч у ватоўцы і дзіравых нагавіцах шчыруе віламі, а на твары ў яго грэблівая няшчасная міна… І аж заўсміхалася.
А калі на часопісным століку Асінай Кватэры апынулася філіжанка гарбаты з бергамотам, Ася змусіла сябе дастаць з сумкі Вячкавы аркушы. І пачала чытаць з пачуццём нядбайнай гаспадыні, якая адчыняе накрыўку забытага месяц назад пад сталом рондаля з супам.
«Ён ведаў, што іншай працы ў яго ўжо ніколі не будзе. Занадта шмат бачыў і чуў за апошнія гады. Такі, як ён, можа толькі памяняцца лёсам з кімсьці з тых, каго лячыў у турэмнай бальніцы…»
Раздзел 5. Вежа грыфонаў і генерал-маляр
Двор быў вузкі і гулкі, нібы калодзеж. У промнях нізкага сонца, якое, здавалася, ляжала проста на высокім даху аднаго з дамоў, сцены, фарбаваныя ў колер паранага малака, свяціліся самі па сабе, а вокны чарнелі, як студні… На гэтым фоне цагляная вежа, цёмная, магутная, змрочная, вышынёй у тры паверхі, выглядала як пракаветны цмок, што скамянеў у чаканні забойцы ў бліскучых СКАЧАТЬ