Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 17

СКАЧАТЬ бутэлечкамі ад мікстураў і бляшанкамі з-пад табакі і манпансье, вось філіжанка з мятнай гарбатай на абрусе ў шатландскія краткі, вось насупраць сядзіць вясёлы Скрыніч у джынсавай куртцы і чорнай майцы з памаранчавым хіпоўскім надпісам: «Make love, not war», і ягоныя шэрыя вочы паглядаюць праз неахайную цёмную грыўку нахабна-дапытліва.

      – Гэта вы ўсё прыдумалі? – нясмела папыталася Ася, і Вячка паморшчыўся, нібыта яна наступіла яму на нагу.

      – Слухай, вось толькі давай без гэтых «вы», а то я пачуваюся зусім старэчай. А ўсё апісанае, – перайшоў на ўрачысты тон Вячка, – адкрылася мне ў прароцкім сне. Што, не верыш?

      Ася разгублена перасмыкнула плячыма, але Скрыніч ужо зноў усміхаўся.

      – А паверыла б з лёгкасцю, я ж бачу. Але не, выдумаць такое немагчыма. Давялося пакорпацца ў архівах. Ледзь не здох, начытаўшыся пратаколаў допытаў і даносаў. Па начах снілася… Разумееш, гляджу цяпер на старэчаў і думаю не пра тое, як прайшлася па іх лёсе вайна, а як яны паводзіліся ў мірным жыцці. Даносілі? Верылі ў масавыя працэсы над «ворагамі народа»? Самі былі ахвярамі?

      Над філіжанкай павольна таньчыў, выгінаўся, астываючы, струменьчык цёплага паветра, добра відочны на фоне чорнай Вячкавай майкі і ў кантэксце сённяшняга пахаладання – шкада, Ася не прыхапіла фотаапарат.

      – А пачытаць табе гэты фрагмент я даў дзеля таго, каб ты ведала, да каго зараз павінна ісці Арсенія Вяжэвіч, гераіня майго рамана.

      Асі зноў зрабілася страшнавата. Петроній і ягоны вольнаадпушчанік… На што яна падпісалася? Вось – заміж таго, каб сядзець на працы, адпрасілася, спаслаўшыся на галаўны боль… А начальнік аддзела, лысаваты аматар піва, выгукнуў услед, каб абавязкова адкрыла бюлетэнь у паліклініцы, ці залічыцца як прагул.

      У паліклініку Ася не збіралася. І, дзіўна, ёй зараз было на гэта пляваць.

      – Я павінна перанесціся ў 1929 год?

      – Не так радыкальна, – па-ваўчынаму белазуба пасміхнуўся Скрыніч. – Мой раман – слаёны пірог з адлегласцю амаль у стагоддзе паміж слаямі. Цяпер дзеянне пераносіцца ў сённяшні час. Гераіня, пабачыўшы сваё падабенства з партрэтам маладой графіні Корб-Варановіч, вырашае даследаваць радавод Корб-Варановічаў – а раптам знойдзецца сувязь з родам Вяжэвічаў – і адпраўляецца да апошняга прадстаўніка роду.

      – Што? Я і праўда павінна пайсці да нейкага Корб-Варановіча? – ускінулася Ася, адчуваючы сапраўдны жах.

      – Ды не бойся ты так, – супакоіў яе Вячка. – Я ж пайду з табою. І Корб-Варановіч, мяркуючы па тым, што я пра яго даведаўся, абсалютова нармальны, інтэлігентны чалавек. Працуе загадчыкам аддзела ў інстытуце гісторыі культуры, лекцыі чытае. І ён – праўнук таго Корб-Варановіча, пра якога ты толькі што прачытала. Так што ніякай оргіі не атрымаецца, хаця ты, можа, на яе і разлічвала.

      Ася не адрэагавала на жарт, пакутліва спрабуючы звыкнуцца з роляй шахматнай фігуркі – якраз падобная да яе ў сваёй доўгай чорнай спадніцы і чорным блузоне. Мімаволі ўспомнілася, як сястра СКАЧАТЬ