Название: Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1428-7
isbn:
– І гэта вясельныя свечкі! – дакорліва прамовіла Дарота, гасячы пацямнелай мельхіёравай лыжкай для гарбаты бліскучую паперку і спрабуючы ададраць яе рэшту ад васковага сцябла. – Уявіце сабе, як гэткі дым выглядае падчас вянчання!
– Як папярэджанне наіўным, – змрочна сказаў пан Беларэцкі, лысаваты брунет у акулярах на вяровачках, былы стыпендыят Імператарскай Акадэміі, фалькларыст і аматар прыватнага вышуку. – У кожнай красе падчас выпрабавання вогненнай стыхіяй выяўляецца дамешак… З пахам самага звычайнага, жывёльнага страху за сваё існаванне. А ўрэшце, – пан Беларэцкі павярнуўся ўсёй сваёй худой, нязграбнай постаццю ў бок вакна, – у нас дзесьці быў яшчэ цэлы жмуд пахавальных свечак. Ты, Уладзе, прыносіў…
Высокі юнак з прыгожым ганарыстым тварам, які сядзеў ля акна, апрануты ў паношаны сурдут, азваўся леным голасам, у якім адчуваліся інтанацыі шчырага прыхільніка чытацкае манеры беларускага хлопца з Вільні Шверубовіча (вядомага ў Імперыі як Васілій Качалаў). – Былі недзе і пахавальныя… Пашанцавала ж прайсціся побач царквы, якую пад склад экс-пра-пры-… Госпадзе, гэта ж вымавіць немагчыма… Два пакункі ля камісарскіх калёсаў і падабраў, няхай Бог даруе. Вясельныя свечкі і пахавальныя. Пахавальныя, здаецца, Даротка ў камоду паклала…
Дарота павярнулася, бліснула вялізнымі цёмнымі вачыма, у якіх калісьці наведвальнікі вечароў Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў бачылі люстраванне вобразаў Рафаэля ды Батычэлі.
– Ніякіх пахавальных свечак! Гэта… Гэта ўжо занадта. У адрозненне ад вас, спадар, тэатральныя эфекты не шаную.
– Спадарыня лічыць за лепшае ўжыць лучыну? – з’едліва прамовіў Улад і дадаў з уздыхам: – Урэшце, калі хто-небудзь з нас не ўладкуецца на працу, пяройдзем і на лучыну.
Пан Беларэцкі пагардліва хмыкнуў наконт самой думкі ўладкавання на працу. За акном плесканулася вада, нібыта дом быў вялізным караблём…
Улад прыціснуўся лбом да шыбы, угледзеўся ў цемру.
– Не спадае паводка…
– Вось і добра… – стамлёна прамовіла Дарота, разліваючы ў парцалянавыя кубкі напой з водарам ядлоўцу, верасу і восеньскіх яблыкаў – і дакладна з названага й звараны. – Значыць, у нас ёсць яшчэ некалькі дзён. А потым…
Яна змоўкла, бо тое, што будзе потым – ведалі ўсе… Дом былога дырэктара рэальнай вучэльні, Даротавага бацькі, драўляны старасвецкі будынак з мансардай і разьблёнымі калонамі, пацямнелы ад часу, нібыта твар рамізніка, забярэ новая ўлада дзеля, вядома ж, справядлівых патрэбаў працоўнага люду. Да апошняга кіраўнікі рэальных вучэльняў не залічваліся. Пан дырэктар даўно перабраўся да сваякоў у Лошыцу, а дачка вырашыла застацца. Зладзіўшы своеасаблівую камуну са сваіх сяброў, якіх час гэтаксама адарваў ад берагоў, загайдаўшы на халодных хвалях… Ды яшчэ бацькаў стрыечны брат, пан Беларэцкі, што з’ехаў з Пецярбургу, пакінуўшы на дарогах ваеннага камунізму валізы, паліто і веру ў справядлівасць, прыбіўся да маладой кампаніі…
Хвалі паводкі ля Плябанскіх Млыноў таксама былі халодныя – Свіслач і Няміга, разліўшыся, ператваралі цэнтр мястэчка ў сапраўдную Венецыю, і човен менчука, звыклага да пераменлівага настрою губернатараў і стыхіяў, слізгаў побач з дахам вагону конкі, які ледзь быў відзён над бруднымі хвалямі… Вось і гэты дом у чарговы раз зрабіўся незалежным востравам – а тыя, што сабраліся тут, умелі цаніць часовую волю… Яны нават адпусцілі па сівернай вадзе адзіны стары човен – каб не было спакусы.
– Наш каўчэг яшчэ не даплыў да Арарату! – з мансарды спускаўся чарнявы хлопец, трымаючы ў руках стос старых газетаў, знямелае рэха старога свету, якое больш аніхто не хоча пачуць. – Таму не забывайце, што маё імя – Ной, і з гэтае прычыны мусіце прызнаваць мяне за капітана.
Ной кінуў газеты на падлогу, і яны, глуха шаргатнуўшы, бяссіла сцішыліся, нібы спадзеючыся пакорлівым маўчаннем выклікаць шкадобу да свайго лёсу.
– На растопку… А дзе там Зося падзелася? Зося! Цябе што, прывіды на мазурку запрасілі?
– Іду, іду… Хвалюешся, як рамізнік ля амэрыканскай клюбы…
Па лесвіцы імкліва спускалася тоненькая рудая дзяўчына ў брунатнай сукенцы, перашытай з гімназічнай форменнай, але зусім не падобная да мігдалавай гімназістачкі – кароткая стрыжка, у прыжмураных вачах – зялёны агонь, як у рыскі, а рукі, такія тонкія і далікатныя – у драпінках, нібыта ад гульняў з капрызлівымі кацянятамі. У руках дзяўчына трымала два бронзавыя падсвечнікі.
– Вось! Хачу, каб у гэтую ноч было светла, як на старасвецкім бале!
Улад памкнуўся быў устаць, каб перахапіць цяжкую бронзу з дзявочых рук, але СКАЧАТЬ